БелАЗ і МАЗ паспрабавалі аспрэчыць санкцыі ЕС

БеЛАЗ

БеЛАЗ / probelarus.by

Суд ЕС адхіліў пазовы кіраўнікоў дзвюх беларускіх кампаній, якія спрабавадлі скасаваць санкцыі супраць іх. Гаворка ідзе пра холдынгі "БелаўтаМАЗ" і "БЕЛАЗ-холдынг". Рашэнні па абедзвюх справах вынеслі 23 верасня, заўважыў тэлеграм-канал The Sanctions Law.

МАЗ і БелАЗ аспрэчвалі фактычнае атаясамліванне дзяржаўнай уласнасці з падтрымкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Але суд палічыў дастатковымі аргументы, на якія раней спасылаўся Савет ЕС. Пры ацэнцы ўлічвалася не толькі дзяржаўная форма ўласнасці прадпрыемстваў, але і іх значэнне для беларускай эканомікі, а таксама тое, што яны з'яўляюцца крыніцай фінансавых паступленняў для дзяржавы.

У справе МАЗа суд улічыў прыкметны рост вытворчасці і продажаў кампаніі. Згадалі і публічнае выказванне Лукашэнкі, які назваў гэты завод адным з ключавых для беларускай прамысловасці.

У справе БелАЗа суд спаслаўся на звесткі аб прыбытковасці прадпрыемства і новых пастаўках тэхнікі.

Беларускія вытворцы заяўлялі, што санкцыі ўскладняюць жыццё работнікам. МАЗ таксама дадаваў, што ў выніку санкцый ўзмацняюцца эканамічныя сувязі Беларусі і Расіі.

Але гэта аргумент у судзе не палічылі пераканаўчым. А тое, што санкцыі кепска адбіваюцца на работніках кампаній, не робіць гэтыя меры незаконнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.