"Не факт, што каманда Трампа выкруціць рукі еўрапейцам". Класкоўскі — пра калійную здзелку
Калійны камбінат у Салігорску / LookByMedia
Апублікаваўшы паведамленне пра калійную здзелку з Беларуссю, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аказвае ціск на краіны Балтыі. Такое меркаванне выказаў палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва "Позірк" Аляксандр Класкоўскі.
У каментары для праграмы Еўрарадыё "Сэнсы дня" ён разважаў на тэмы транзіту калію, нецярплівасці Трампа, вайны ў рэгіёне і супраціву Еўропы. Класкоўскі нагадаў, што санкцыі Еўрасаюза не дазваляюць як мінімум да лютага 2027 года нешта змяніць у гэтым пытанні. А Трамп наўрад ці хоча так доўга чакаць і цярпець.
— Я думаю, што ён вырашыў гэтым постам паказаць, што вось у бой уключаецца ўжо цяжкая артылерыя, так бы мовіць.
Я б разглядаў гэта як момант псіхалагічнага ціску на краіны Балтыі. Калі раней толькі Коўл намякаў на тое, што Вашынгтон зацікаўлены ў транзіце беларускага калію праз Клайпеду або праз які-небудзь іншы порт, то цяпер ужо Вашынгтон вуснамі самога Трампа дае зразумець, што для іх гэта сур'ёзнае пытанне. І тут трэба сур'ёзна паставіцца да запыту Вашынгтона, — лічыць аналітык.
Але ў апошні час Еўропа паказвае свой характар, падвяргаецца гібрыдным атакам, у тым ліку з боку Беларусі, і наогул рыхтуецца да вайны з Расіяй. Таму не факт, што Трамп або яго каманда выкруцяць рукі еўрапейцам, сцвярджае Класкоўскі.
— Галоўны матыў заключаецца ў тым, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца суагрэсарам у вайне супраць Украіны. І, як мінімум пакуль яна ідзе, падстаў для перагляду гэтых абмежавальных мер супраць беларускага калію няма, — упэўнены наш суразмоўца.
Літоўскі міністр замежных спраў таксама напісаў, што падстаў купляць беларускі калій няма. І канадцы раскрытыкавалі гэту пазіцыю ЗША, заявіўшы, што купляць беларускі калій — усё роўна што падтрымліваць расійскую агрэсію.
More than 40 countries - Canada and its allies - have sanctions against Belarus for supporting war criminal Putin’s invasion of Ukraine.
— Scott Moe (@PremierScottMoe) September 21, 2026
Buying blood potash from Belarus is supporting Russian aggression.
It’s wrong and it doesn’t make sense.
All of that potash has to be… pic.twitter.com/Omat5YxNOq
Дарэчы, Літва забараніла транзіт беларускага калію яшчэ да пачатку шырокамаштабнай вайны супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі выступіў суагрэсарам. Так што тут ёсць і нацыянальныя санкцыі, — нагадвае Класкоўскі.
— Але для літоўцаў гэта важнае палітычнае пытанне, таму што яны не давяраюць беларускаму рэжыму, рэжыму Лукашэнкі. Яны лічаць, што гэты рэжым вядзе супраць краін Балтыі гібрыдную вайну. І гэтыя паветраныя шары, і гэтыя мігранты — вось гэта ўсё працягваецца.
І таму яны не схільны ісці насустрач. Там пераважае такое меркаванне, што гэта будзе заахвочваннем агрэсара, заахвочваннем недружалюбнага і недэмакратычнага рэжыму, — кажа аналітык.
Аднак у Літве ёсць іншыя галасы, нагадвае Класкоўскі.
— Ёсць і частка парламентарыяў, ёсць бізнесмены, якія зацікаўлены ў тым, каб пайшоў транзіт калію праз іх краіну. Таму што раней на гэтым добра зараблялі і літоўскія чыгункі, і порт Клайпеды. І пасля гэтага былі вялікія страты.
Таму, магчыма, вось гэтая ініцыятыва Вашынгтона народзіць і нейкую ўнутраную дыскусію ў Літве. І, ведаючы таранны стыль палітыкі Трампа, можна чакаць, што будуць нейкія спробы націснуць на сталіцы краін Балтыі.