Літва не атрымлівала ад ЗША запыт на транзіт беларускіх угнаенняў
"Беларуськалій"
Літва пакуль не атрымлівала ад ЗША запыт наконт транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю. Пра гэта прэм'ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў пасля паведамлення Дональда Трампа, што ЗША рыхтуюць вялікую здзелку наконт беларускага калію.
"Запыту не было", — прыводзіць LRT адказ Сінкявічуса журналістам. Кіраўнік літоўскага ўрада звязвае заяву Трампа з напружаннем у адносінах ЗША і Канады, якая цяпер з'яўляецца асноўным пастаўшчыком калійных угнаенняў у Штаты.
Сінкявічус выказаў меркаванне, што ЗША шукаюць "альтэрнатыўныя спосабы забеспячэння сваіх фермераў". І дадаў, што змест перамоваў паміж Амерыкай і Беларуссю кіраўніцтву Літвы невядомы.
"Пакуль усё абмяжоўваецца публікацыяй Трампа ў сацыяльнай сетцы, але гэта, магчыма, толькі індыкацыя або спосаб ціску", — пракаментаваў літоўскі прэм'ер.
Раней міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што ніводная краіна ЕС не можа ўдзельнічаць у пагадненні па імпарце беларускіх угнаенняў.