Пад Масквой разбіўся самалёт Ан-148, пасажыры і экіпаж загінулі

Пад Масквой разбіўся самалёт Ан-148, пасажыры і экіпаж загінулі

Пад Масквой разбіўся пасажырскі самалёт Ан-148, які належаў авіякампаніі “Саратаўскія авіяліній”. Здарэнне адбылося 11 лютага прыкладна ў 14.21, пасля вылету з аэрапорта Дамадзедава. Самалёт накіроўваўся па маршруце Масква — Орск (Арэнбургская вобласць). Праз некалькі хвілінаў пасля вылету экіпаж перастаў выходзіць на сувязь, а самалёт знік з радараў. Відавочцы крушэння заяўляюць, што самалёт загарэўся яшчэ ў паветры.

На борце Ан-148 быў 71 чалавек, ніхто экіпажу і пасажыраў не выжыў, паведамляюць расійскія СМІ са спасылкай на выратавальныя службы. Пасажыраў было 65, з іх трое — дзеці.

На месцы крушэння самалёта знайшлі целы загінулых; абломкі паветранага судна раскіданыя ў радыусе кіламетра.

Адна з версіяў здарэння — сутыкненне Ан-148 з верталётам “Пошта Расіі”, бо побач з месцам крушэння знайшлі паштовую карэспандэнцыю. Аднак “Пошта Расіі” сцвярджае, што не выкарыстоўвае ў Маскоўскай вобласці верталёты. Да таго ж абломкаў верталёта на месцы катастрофы не знайшлі.

Самалёт, які пацярпеў крушэнне, быў выпушчаны ў 2010 годзе і першыя сем гадоў выкарыстоўваўся ў авіякампаніі “Расія”, пасля чаго яго набылі “Саратаўскія авіялініі”. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што з тэхнічным станам самалёта былі праблемы: напрыклад, там нерэгулярна мянялі аліву.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, мэр Масквы Сяргей Сабянін і іншыя службоўцы выказалі спачуванні родным і блізкім загінулых у крушэнні. Пуцін таксама абвясціў аб стварэнні камісіі па расследаванні абставінаў гэтай катастрофы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі