Пачаўся суд над Андрэем Дзмітрыевым

Андрэй Дзмітрыеў у судзе / БЕЛТА
Андрэй Дзмітрыеў у судзе / БЕЛТА

У Мінску пачаўся суд над Андрэем Дзмітрыевым. Палітыка, грамадскага дзеяча, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх".  Крымінальную справу разглядае суд Маскоўскага раёна Мінска (суддзя — Кацярына Мурашка). БЕЛТА піша, што Дзмітрыеў "цалкам прызнае сваю віну і раскайваецца".

Пра затрыманне Андрэя Дзмітрыева стала вядома ў студзені сёлета. Раней ён быў кіраўніком руху "Гавары праўду", а ў 2020-м — кандыдатам у прэзідэнты РБ. Пасля выбараў працаваў над стварэннем палітычнай партыі пад назвай "Наша партыя". У сацсетках апублікаваў пост з крытыкай законапраекта аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях. Ён прызнаны палітвязнем.

Па версіі Следчага камітэта, "устаноўлена датычнасць [Дзмітрыева] да экстрэмісцкай дзейнасці". Сцвярджалася, што ў жніўні-верасні 2020-га ён удзельнічаў у "вулічных беспарадках" у сталіцы. А яшчэ следчыя падлічылі, што палітык 599 разоў праязджаў праз мяжу, з іх 33 разы — пасля 2020 года. Ці ж гэта крымінал, паездкі за мяжу? 

Кур'ёзным выглядае заява СК пра кантакты Андрэя Дзмітрыева "з прадстаўнікамі Захаду і ЗША" (згадваецца Хілары Клінтан, фота з ёй цяпер у крымінальнай справе!), а гэта "можа сведчыць пра каардынацыю яго "палітычнай" дзейнасці з-за мяжы"!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі