Па дарозе на суд галадоўшчык Мікалай Аўтуховіч ад слабасці ўпаў

Па дарозе на суд Мікалай Аўтуховіч, які шаснаццаты дзень трымае "сухую галадоўку", ад слабасці ўпаў. 

"Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі. Тата прасіў перадаць, што ён рэальна нічога не есць і не п'е (а то некаторыя ў здзіўленні, як гэта ён яшчэ жывы і што ён падманвае).

На заўтра ў судзе перапынак, пасяджэнне працягнецца ў чацвер", — напісала ў Інстаграм ягоная дачка.

Турэмны доктар, па яе словах, заявіў, быццам стан Аўтуховіча дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Адвакатка зноў хадайнічала, каб вязня агледзелі іншыя дактары, але суд гэтае хадайніцтва адхіліў. "Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21 ліпеня, нібыта яшчэ не гатовы", — піша дачка Аўтуховіча. 

"Групу Аўтуховіча", у якой 12 чалавек, судзяць па "тэрарыстычных" артыкулах Крымінальнага кодэкса. За кратамі яны знаходзяцца з канца 2020 года. 

Аўтуховіч 11 ліпеня абвясціў "сухую галадоўку". Ён патрабуе, каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.