"Нулявуд" Джэймса Франка выходзіць па-беларуску адначасова з сусветнай прэм’ерай

"Нулявуд" Джэймса Франка выходзіць па-беларуску адначасова з сусветнай прэм’ерай

13 верасня ў сусветны пракат выходзіць новы фільм Джэймса Франка "Zeroville", а ўжо 19 верасня ў Мінску ў кінатэатрах VOKA CINEMA і Silver Screen прэм’еру прадставяць на беларускай мове. У агучцы "Нулявуда" ўзялі ўдзел вядомыя артысты і музыканты.

Галоўныя героі гавораць з экрана галасамі вядомых акцёраў беларускіх тэатраў: Алега Гарбуза, Крысціны Дробыш, Андрэя Мілюхіна, Таццяны Ружаўскай. У агучцы таксама ўдзельнічалі музыканты: Аляксандр Памідораў, Бенька, Ілля Чарапко, Дзядзя Ваня. Жаргон, жарты, лаянка (а фільм 18+) – усё гэта было захавана і ў перакладзе на беларускую мову. Асобнае задавальненне – у гуку: упершыню беларускі пераклад з мовы арыгіналу можна будзе пачуць у прынцыпова новым аб’ёмным фармаце 5.1.

АСЦЯРОЖНА! ДАЛЕЙ БУДУЦЬ СПОЙЛЕРЫ!

Галоўны герой па мянушцы Пастар – аўтычны выпускнік духоўнай семінарыі – згодна з адукацыяй мусіў стаць архітэктарам цэркваў, але вырашае прысвяціць сваё жыццё кіно. Пагаліўшы галаву і зрабіўшы на ёй тату герояў культавай меладрамы "Месца пад сонцам", у 1969 годзе ён прыязджае ў Галівуд. У гэты час там пануюць сэкс, наркотыкі і панк-рок. Паліцыя расследуе забойства жонкі Рамана Паланскі сектай Чарльза Мэнсана, легендарныя кінастудыі, што падаваліся несакрушальнымі, пераносяць крах, а на арэну выходзяць новыя рэжысёры, гатовыя парушаць любыя правілы: Фрэнсіс Форд Копала, Сцівен Спілберг, Марцін Скарсэзэ і Джордж Лукас. Пастар уладкоўваецца працаваць дэкаратарам, затым вучыцца мантажу, паступова набывае рэпутацыю прафесіянала, прызнанне і нават атрымлівае ўзнагароду ў Венецыі, але ўсё заканчваецца трагедыяй.

Здымкі эпізоду ўзнагароджання праходзілі падчас рэальнай цырымоніі Венецыянскага кінафестывалю ў 2013 годзе: яго былы дырэктар Альберта Барбера абвясціў перад публікай, што ўручае прыз нейкаму містэру Джэрому. А сам Джэймс Франка ў вобразе свайго персанажа прайшоўся перад гэтым па чырвоным дыванку.

Фільм быў гатовы яшчэ ў 2014 годзе, але з-за праблем у кампаніі-пракатчыка яго прэм’ера зацягнулася. За гэты час Франка паспеў выпусціць сваю наступную карціну "Гора-творца" і атрымаць за яе намінацыю на "Оскар", а таксама "Залаты глобус" за акцёрскую работу ў гэтым фільме.

Прэм’ера, якую чакалі пяць гадоў, усё ж адбудзецца. Дзякуючы новаму сумеснаму праекту відэасервіса VOKA і сеткі кінатэатраў Silver Screen Cinemas – "Тутэйшын студыя" – мы зможам убачыць "Нулявуд" па-беларуску.

"Тутэйшын Студыя" створаная для таго, каб жыхары Беларусі маглі глядзець апошнія навінкі сусветнага кіно на роднай мове паралельна з прэм’ерамі ў іншых краінах. Прынцыпам новай студыі агучкі заяўлена вера ў тое, што беларуская мова – выдатны інструмент для таго, каб атрымаць яшчэ больш задавальнення ад прагляду кіно.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube- канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі