"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

“Незыгарь” — адзін з самых папулярных каналаў у “Тэлеграме”. Яго чытае каля 158 тысяч чалавек  Звычайна гэты ананімны блог піша пра барацьбу за ўладу ў Расіі, настроі ў Крамлі, кланавую прыналежнасць расійскіх чыноўнікаў і сілавікоў.

Большасць публікацый “Незыгаря” — палітычныя інсайды: паходжанне інфармацыі застаецца невядомым, а яе праўдзівасць — сумнеўнай. Часам чуткі, якія транслюе канал, пацвярджаюцца, а часам не.

Апошнім часам “Незыгарь” адчувальна больш піша пра Беларусь і Аляксандра Лукашэнку. Прычым, “злівае” такія закулісныя рэчы, якія сапраўды здзіўляюць.

Паўтара года “Незыгарь” не звяртаў ніякай увагі на Беларусь

Наша краіна ўпершыню згадваецца ў канале толькі 10 траўня 2018 года. Гэта робіцца мімаходзь, у навіне пра затрыманне казахстанскага бізнесмена Жамарта Яртаева Пра існаванне Аляксандра Лукашэнкі "Незыгарь" згадвае яшчэ пазней: у чэрвені 2018 года, у сувязі з прызначэннем новага амбасадара Расіі ў Беларусі. Тады аўтар ананімнага канала абвяшчае, што кіраўніком расійскай дыпмісіі будзе крамлёўскі шэры кардынал Уладзіслаў Суркоў. Нібыта да яго "мае добрыя пачуцці Аляксандр Лукашэнка". Гэтыя чуткі не спраўдзіліся, як пісала Еўрарадыё, Суркоў застаецца працаваць на пасадзе памочніка Уладзіміра Пуціна.

"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

Далей — болей

У канале з’яўляецца непрыемны пост пра саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі:

"Назарбаеў у кулуарах гучна абураўся прысутнасцю малодшага сына Лукашэнкі за адным сталом з кіраўнікамі дзяржаў на саміце ШАС у Кітаі. Мікалай Лукашэнка адчуваў сябе няёмка і ўвесь час папраўляў гальштук. Падчас першага ўрачыстага тоста Мікалаю Лукашэнку не дасталася бакала з віном, а потым ён выпадкова перакуліў бакал з вадой. Лукашэнка-старэйшы быў нечым заклапочаны".

"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

Апошні пост “Незыгаря” пра Беларусь тычацца нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Аўтар канала, як заўжды не называючы сваіх крыніц, сцвярджае, што яны вельмі сумныя для Мінска:

"У Мінску працягваюць абмяркоўваць мінулую сустрэчу двух прэзідэнтаў. Усе сыходзяцца ў меркаванні, што Пуцін паказаў Лукашэнку месца. Чыноўнікі гадаюць, як далей будуць развівацца падзеі, і на каго зробіць стаўку Масква".

Нагадаем, неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнка зрабіў вельмі песімістычную і красамоўную заяву:

"Мы на фронце. Калі мы не вытрымаем гэтыя гады, правалімся, значыць, трэба будзе ў склад нейкай дзяржавы ісці, ці аб нас проста будуць выціраць ногі. Ці, не дай бог, развяжуць у Беларусі вайну, як ва Украіне".

Красамоўны намёк і на тое, што становішча Беларусі сёння вельмі хісткае, і на тое, адкуль зыходзіць пагроза.

Хто такі “Незыгарь”? Тры версіі

Версій неверагодная колькасць. У пэўны момант у Расіі пачалося ледзь не "паляванне на вядзьмарак": “незыгарамі” абвяшчаліся абсалютна розныя людзі. Але ўсе спробы раскрыць аўтара (ці аўтараў) ананімнага канала "Незыгарь" скончыліся нічым.

"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

Палітычны блогер KermlinRussia

У лютым 2017 года сайт Ura.ru  абвясціў, што вядучым тэлеграм-канала "Незыгарь" з'яўляецца аўтар твітар-акаўнта @KermlinRussia Арсеній Баброўскі, вядомы іранічнымі твітамі пра расійскую палітыку. Баброўскі — генеральны дырэктар агенства Daily Communications і вельмі неадназначная асоба. У 2013 годзе стала вядома, што ён удзельнічаў у распрацоўцы расійскага закона аб адзіным рэестры забароненых сайтаў.

Сам Арсеній Баброўскі нават пацвердзіў інфармацыю, што ён і ёсць "Незыгарь". Аднак ці варта гэтаму верыць?

"Незыгарь" і Беларусь: каму выгадна распаўсюджваць чуткі пра нашу краіну

Топ-менеджар расійскай кампаніі "Рэнова"

У чэрвені 2017 года на сайце журналіста Алега Кашына апублікаванае расследаванне пра тое, хто ж такі на самой справе "Незыгарь". Расследаванне грунтуецца на супадзенні назваў у сацыяльных сетках, часу публікацыі постаў, фатаграфіях у Інстаграме і іншых другасных крыніцах. На думку даследчыкаў, аўтарам "Незыгаря" з'яўляецца дырэктар дэпартамента стратэгічнага планавання і кіравання праектамі кампаніі "Рэнова" Дзмітрый Каваленка.

Каваленка родам з Манчагорска (гэта Мурманская вобласць). Скончыў СПБДУ. Абараняў дыплом па тэме "Гісторыя палітычнай эліты Расіі". А што такое “Незыгарь”, як не дзённік пра жыццё сучаснай расійскай эліты ў рэжыме онлайн? Таксама ў Дзмітрыя Каваленкі ёсць юрыдычная адукацыя.

Але Каваленка не тое што не пацвердзіў, што мае дачыненне да тэлеграм-канала, а ўвогуле назваў вынікі расследавання трызненнем.

 

Калектыўнае аўтарства

Аўтары іншага расследавання сцвярджалі, што адзін чалавек, нават вельмі спрытны і разумны, не зможа весці такі тэлеграм-канал, як “Незыгарь”. Сярод палітолагаў і карэспандэнтаў, якія могуць мець дачыненне да канала, называюць  Таццяну Станавую, Кацярыну Шульман, Андрэя Перцава, Канстанціна Гаазэ, Данііла Туроўскага.

Расследаванне заснаванае ў тым ліку на тэкстах, якія пералічаныя асобы ствараюць у межах сваёй “асноўнай” дзейнасці. Фігуранты расследавання абверглі, што маюць дачыненне да канала. 

Фэйкі ад “Незыгаря”

Перыядычна “Незыгарь” прамахваецца і распаўсюджвае фэйкавую інфармацыю. Напрыклад, выпадак з фразай пра тое, што "міністр замежных спраў Расіі не варты сваёй пасады", прыпісанай прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Тэрэзе Мэй.

Першай фэйк абвергла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. Выданне Meduza правяло фактчэкінг і высветліла, што Тэрэза Мэй нічога падобнага не казала: гучная заява належыць лідару апазіцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбіну, і зробленая была ўвогуле не пра кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова, а пра яго брытанскага калегу Борыса Джонсана.

Чуткі аб прызначэнні Уладзіслава Суркова амбасадарам Расіі ў Беларусі таксама не пацвердзіліся. Што праўда, “Незыгарь” тлумачыў гэта тым, што кандыдатура не прайшла ўзгадненне.

Такім чынам, мы не можам быць упэўненымі у праўдзівасці таго, што “Незыгарь” піша пра Беларусь. Гэта “злівы”, да якіх варта ставіцца скептычна. Але не трэба забывацца пра тое, што шмат хто верыць ва ўсё, што чытае ў інтэрнэце. І негатыўны ўплыў “Незыгаря” на рэпутацыю Беларусі, а таксама ціск, які аказваецца на беларускія ўлады распаўсюджваннем такіх чутак, відавочны.

Выступ фэйкавага “Незыгаря” ў эфіры Расіі-24

14 студзеня 2017 года на канале "Расія-24" у праграме "Прэс-канферэнцыя" было заяўлена, што з калектывам перадачы звязаўся нехта, хто прадставіўся аўтарам папулярнага палітычнага тэлеграм-канала “Незыгарь”. Твар чалавека быў схаваны за балаклавай, а яго голас зменены.

На канале “Незыгарь” адразу адрэагавалі на сітуацыю. Сапраўдны аўтар тэлеграм-канала здзівіўся з’яўленню “сябе” на тэлеканале і адмовіўся прызнаваць, што гэта ён. У выніку сітуацыя стала яшчэ больш заблытанай.

Што далей?

Ці варта давяраць балбатні ананімнага тэлеграм-канала? Ні ў якім разе. Аднак такога роду заявы — своеасаблівы флюгер, які паказвае кірунак палітычных інтарэсаў расійскай палітычнай эліты і кіраўніцтва ўсходняй краіны.

Кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман лічыць, што інфармацыю з такіх крыніц трэба пацвярджаць як мінімум у трох крыніцах, незалежных адна ад адной. Але нават пасля гэтага рэкамендуе ўспрымаць яе з доляй скептычнасці:

"У мяне падыход акадэмічны. Няма ніводнай крыніцы, якой па азначэнні можна давяраць. Тым больш, калі гаворка ідзе пра ананімныя каналы. Любая крыніца можа паслужыць “ежай для разважанняў”, але, калі мы хочам выкарыстоўваць інфармацыю з гэтай крыніцы, дык трэба яе верыфікаваць.

У сацыяльнай навуцы ёсць такі тэрмін "трыянгуляцыя" — пацверджанне інфармацыі з трох не звязаных паміж сабой крыніц. Толькі пасля такой праверкі можна лічыць, што інфармацыя больш-менш пацверджаная. З іншага боку, прафесіяналам варта выкарыстоўваць у сваёй працы такія каналы, каб у далейшым неяк гэтую інфармацыю правяраць, але людзям, якія проста цікавяцца палітыкай як хобі, я б рэкамендаваў ўспрымаць інфармацыю з такіх крыніц з вялікай доляй скептычнасці".

Кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў распавядае, што за апошнія гады ніякіх якасных інсайдаў ні з беларускага боку, ні з боку Расіі не было, і няма ніякіх падстаў давяраць інфармацыі з ананімнага канала:

"Лепшы крытэрый ісціны — гэта практыка, а практыка ідзе такая, што за 24 гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі ніякай значнай інсайдарскай інфармацыі з беларускіх вярхоў не з'яўлялася. Што там выцякае з Расіі, таксама вялікае пытанне. Я нядаўна вярнуўся з штаб-кватэры NATO, быў на сустрэчы міністраў абароны, і там было заяўлена, што за апошнія чатыры гады ніякай дакладнай інфармацыі праз інсайдарскія каналы не паступала.

Акрамя гэтага, ёсць такое меркаванне, што ўся шуміха вакол тэлеграма і Дурава — гэта праект расійскіх спецслужб. Яго мэтай можа быць прыцягнуць увагу, падняць рэйтынг гэтага месенджара, каб перавесці на падкантрольную сабе платформу інфармацыйныя патокі ці выкарыстоўваць яго ў якасці "фэйкамёта". Гэтак жа і гэты канал можа быць элементам псіхалагічнага ўздзеяння з боку Расіі на беларускія улады".

У знешнепалітычных справах “Незыгарь” абазнаны адчувальна менш, тут яго разуменне сітуацыі дае збой. Ці гэта не збой, а наўмысны і непрыхаваны ціск на тых, пра каго вядзецца ў логах тэлеграм-канала? “Незыгарь” раптам звярнуў увагу на Беларусь у даволі складаны перыяд адносін нашай краіны з Расіяй, на фоне чарговай малочнай вайны і абвінавачванняў у рээкспарце “санкцыёнкі”. Відавочна, што гэта не выпадковасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі