Не Re1ikt, а Relikt! Беларускі гурт змяніў назву і выпусціў новы альбом

Не Re1ikt, а Relikt! Беларускі гурт змяніў назву і выпусціў новы альбом

Гурт Re1ikt прыпыніў існаванне… і цяпер называецца Relikt. Стылізаваная “адзінка” ў назве каманды саступіла месца лацінскай “L”. Па словах музыкаў, гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць блытаніны. Цяпер у гурта і новы лагатып, створаны на аснове шрыфту, якім быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага — першая еўрапейская канстытуцыя.

Разам з рэбрэндынгам каманда выпусціла новы лонгплэй “Дрэва жыцця” — шосты ў дыскаграфіі этна-рокераў.  У новых кампазіцыях калектыву можна пачуць мноства рэдкіх, незвычайных для рок-музыкі этнічных інструментаў: глюкафон ручной работы з нестандартным строем, беларускія дудкі, ксілафон, баян.

 

Акрамя таго, кажуць музыкі, альбом атрымаўся інтэрнацыянальным. У запісе ўдзельнічалі баяніст-віртуоз Аляксандр Ясінскі (Прага), вакалістка гурта Ilo & Friends Ілона Карпюк (Беласток), а таксама культавая фігура беларуска-польскага андэграўнду Юрка Асеннік, які не толькі выканаў адну з песень, але і стварыў вокладку дыска.

Канцэптуальна назва альбома адсылае да вядомага ў многіх народаў міфалагічнага архетыпа сусветнага дрэва — сакральнага цэнтра Сусвету.

“Плыта “Дрэва жыцця” звязана з фундаментальнымі паняццямі чалавечага быцця: жыццё і смерць, дабро і зло, а таксама з'яўляецца ключавым сімвалам беларускай міфалогіі і культуры, — кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка. — Нам хочацца, каб песні, якія спявалі нашыя продкі, бабулі і дзядулі, не зніклі, а працягвалі гучаць на фестывалях, у клубах і айпадах, каб дрэва нашага роду і народа не засыхала, але давала новыя парасткі”.

У альбом увайшлі дзесяць унікальных старажытных беларускіх народных песень, сабраных у розных кутках Беларусі. Навуковымі кансультантамі рэліза выступілі гісторык і даследчыца традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч, а таксама этнограф і спецыялістка ў этнічным спеўным выкананні Ірына Мазюк.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі