Вы тут

Назарбаеў знайшоўся, з ім па тэлефоне размаўляў Лукашэнка

Нурсултан Назарбаеў, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / З архіву kommersant.ru

Экс-прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў знайшоўся. Пра тое, дзе ён цяпер знаходзіцца, ведае Аляксандр Лукашэнка. Увечары 7 студзеня БЕЛТА паведаміла пра тэлефонную гутарку Лукашэнкі і Назарбаева. Яны "падрабязна абмеркавалі" сітуацыю ў Казахстане. Хто каму патэлефанаваў, не ўдакладняецца (хаця ў загалоўку навіны — "Лукашэнка стэлефанаваўся з Назарбаевым").

Пасля пачатку крызісу ў Казахстане пра лёс Нурсултана Назарбаева дакладнай інфармацыі не было. Па адных звестках, ён заставаўся ў Казахстане і меў сур'ёзныя праблемы са здароўем (гэтую версію агучыў расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў), па іншых — выехаў за мяжу. Прэзідэнт Касым-Жомарт Такаеў забраў у яго пасаду кіраўніка Саўбеза. Мяркуецца, што Такаеў, карыстаючыся з сітуацыі, адсунуў ад улады "клан Назарбаева", замяніў людзей экс-прэзідэнта сваімі.

Што можа азначаць тэлефонная гутарка Лукашэнкі і Назарбаева? Магчыма, апошні спрабуе выйсці на кантакт з Масквой праз Мінск, каб дамовіцца пра гарантыі бяспекі. Не выключана, што якраз у РФ заклапочаныя маўчаннем экс-прэзідэнта Казахстана ці дзеяннямі людзей з яго "клана".

8 студзеня было заяўлена, што Нурсултан Назарбаеў у Казахстане, але відэапацверджання гэтаму няма.

На відэа — Назарбаеў і Лукашэнка 28 снежня 2021-га ў Санкт-Пецярбургу. Апошняе відэа, на якім прысутнічае экс-прэзідэнт Казахстана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.