Наталлю Басалыгу-Гарачку пратрымалі 3 дні за кратамі і не змаглі асудзіць

Наталлю Басалыгу-Гарачку пратрымалі 3 дні за кратамі і не змаглі асудзіць

Наталлю Басалыгу-Гарачку пратрымалі 3 дні за кратамі і не змаглі асудзіць, паведамляе Радыё Свабода. Грамадскую актывістку, удзельніцу абароны Курапатаў затрымалі 24 сакавіка на ўваходзе ў Кіеўскі сквер, дзе праходзіў мітынг-канцэрт, прысвечаны Дню Волі. Напярэдадні Зміцер Дашкевіч паведаміў, што Басалыга-Гарачка аб'явіла галадоўку. Яе справу суд Цэнтральнага раёна Мінска разглядаў толькі 27 сакавіка. Пратакол за "дробнае хуліганства" быў адпраўлены ў міліцыю на дапрацоўку.

Актывістка кажа, што яе затрымлівалі міліцыянеры ў цывільным — Юрый Аксюта і Ілля Шуневіч. Яны казалі ў судзе, што Наталля Басалыга-Гарачка "нахабна сябе паводзіла, гучна крычала, навязвала сваю прысутнасць". Але паказанні міліцыянераў не супалі з часам тэлефанаванняў у міліцыю затрыманай, якая сама выклікала праваахоўнікаў (міліцыянеры адмовіліся размаўляць з ёй па-беларуску). Таксама ў актывісткі захаваліся відэа дзеянняў "людзей у цывільным" перад яе затрыманнем.

Жанчына распавяла, што ўсе тры дні яна была адна ў камеры ізалятара часовага ўтрымання. Калі падняўся ціск, ёй адмовіліся выклікаць хуткую дапамогу, далі толькі аспірын і цытрамон. Басалыга-Гарачка збіраецца здымаць пабоі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі