NASA запусціла "Арыён", які ў будучым паляціць на Марс (відэа)

5 снежня з мыса Канавэрал у ЗША запушчаны касмічны карабель NASA "Арыён". Яго вывела на нізкую калязямную арбіту ракета "Дэльта-IV". ВВС нагадвае, што старт карабля адкладаўся некалькі разоў. У адным выпадку прычынай стаў моцны вецер, у іншым — з-за непаладак з паліўнымі клапанамі ў адной з ракет.

Гэты карабель NASA прызначаны для далёкіх палётаў у космас, у тым ліку да Марса. Аднак на гэты раз палёт будзе кароткі (каля 3,5 гадзіны), падчас якога выпрабуюць найважнейшыя кампаненты канструкцыі новага карабля, іх рэакцыю на высокі ўзровень радыяцыі. Пасля гэтага "Арыён" пачне вяртанне на Зямлю і прызямліцца ў Каліфорніі.

РІА "Новости" дадае, што першы палёт "Арыёна" з пілотамі адбудзецца не раней за 2021 год. У NASA падкрэсліваюць, што карабель з'яўляецца першым пасля завяршэння місіі "Апалон" у 1972 годзе, распрацаваным для адпраўкі чалавека ў далёкі космас.

Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі