Naka, By Cry, Exegutor і TonqiXod — канкурсанты "Басовішча-2015"

Гурты Naka, By Cry, Exegutor і TonqiXod пазмагаюцца за перамогу ў конкурсе маладых выканаўцаў "Басовішча-2015", паведамляе акаўнт фэста ў facebook. Менавіта гэтых выканаўцаў адабрала журы, у склад якога ўваходзяць кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін, шматгадовая арганізатарка "Басовішча" і вакалістка гурта Ilo&Friends Ілона Карпюк, музыка і мастак Юры Асеннік, журналіст, музыка, саўндпрадзюсар Лукаш Сцепанюк.

Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду, магчымасць выступіць у другі дзень фэсту і гарантаваны канцэрт на наступным фестывалі. Конкурс адбудзецца 17 ліпеня.

Нагадаем, фестываль "Басовішча" традыцыйна пройдзе 17-18 ліпеня ў Гарадку на польска-беларускай мяжы. Хэдлайнерамі фэсту стануць гурт Brutto і Лявон Вольскі.