Вы тут

Нацыянальны конкурс "Лістапада" выйграла былая журналістка Еўрарадыё

Мара Тамковіч. Фота з яе акаўнта ў Фэйсбуку

Найлепшым гульнявым фільмам у Нацыянальным конкурсе міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" прызналі стужку "Дачка" Мары Тамковіч — былой журналісткі Еўрарадыё. 

“Мне вельмі прыемна атрымаць гэтую ўзнагароду, якая была вялікай нечаканасцю. Асабліва прыемна, бо гэта мой першы фестываль на Радзіме. Фільм "Дачка" створаны за мяжой, пры дзяржаўнай падтрымцы, але ў абсалютнай творчай свабодзе. Спадзяюся, у Беларусі мы хутка таксама зможам здымаць кіно менавіта так. Бо кіно, каб быць вартым, мусіць быць свабодным”, — пракаментавала рэжысёрка сваю перамогу ў размове з Еўрарадыё.

Лепшым дакументальным фільмам у нацконкурсе стала стужка "Песні для кіта" Руслана Фядотава, а найлепшым анімацыйным — "Лагодны воўк" Наталлі Дарвінай.

Мара Тамковіч — беларуская рэжысёрка, якая жыве і здымае кіно ў Польшчы. Кароткаметражная стужка "Дачка" — гэта яе дыпломная праца. Фільм ужо быў адзначаны на многіх кінафестывалях ў Польшчы і Еўропы. 

Нядаўна рэжысёрка была госцяй студыі Еўрарадыё і распавядала пра сваю працу.