Нацбанк: Па абменніках краіны гастралюе ашуканец-валютчык

У лісце Нацбанка, які пераказвае БЕЛТА, гаворыцца, што махляр пачаў дзейнічаць сёлета ў ліпені.

Так, 7 ліпеня ён ажыццявіў спробу махлярства з дапамогай залому купюраў пры абмене 50 тысяч расійскіх рублёў у абменніку "Дэльта Банка" ў Віцебску. 8 ліпеня махляр звярнуўся ў касу "Дэльта Банку" ў Мінску, папрасіўшы памяняць зноў 50 тысяч расійскіх рублёў. Касір прыняла валюту і паклала ў латок адпаведную суму ў беларускіх рублях. Мужчына ўзяў грошы ў рукі, а потым заявіў, што касір памылілася, бо ён прасіў памяняць на еўра, і вярнуў грошы. Касір прыняла беларускія рублі без пераліку і выдала еўра. У канцы працоўнага дня ў касе была выяўленая нястача 5 млн 800 тыс. рублёў. Пры праглядзе відэазапісу выявілася, што кліент пры вяртанні касіру беларускіх рублёў дастаў з пачкі пэўную колькасць купюраў.

У той жа дзень махляр учыніў такую ж аперацыю ў "БПС-Ашчадбанк" у Мінску, а 9 ліпеня паспрабаваў учыніць у "БПС-Ашчадбанку" ў Бабруйску.

Прыкметы мужчыны: на выгляд 33-36 гадоў, рост 175-178 см, мажнога целаскладу, валасы сярэдняй даўжыні, брунет. Быў апрануты ў светла-шэрую фуфайку (майку) з кароткім рукавом, шэрыя шорты ніжэй за калена з чорнымі лампасамі, сандалі. На плячы меў чорную скураную сумку на доўгім рамяні.

Фота — itraveller.su

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі