Вы тут

Нацбанк Беларусі будзе гарманізаваць манетарную палітыку з Цэнтрабанкам Расіі

Павел Калаур / БЕЛТА

Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Расіі будуць гарманізаваць манетарную палітыку. Пра гэта 1 лістапада заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, беларускі банкаўскі рэгулятар дамовіўся з Цэнтрабанкам Расіі пра гарманізацыю грашова-крэдытнай палітыкі па асобных пытаннях. "І ў Беларусі, і ў Расіі павінен быць адзін рэжым манетарнай палітыкі — гэта таргетаванне інфляцыі. У Расіі гэты рэжым ужо ўкаранёны, у Беларусі трэба будзе яго рэалізаваць", — патлумачыў Калаур. 

Па яго словах, такі рэжым можа пачаць дзейнічаць з 1 студзеня 2021 года, калі будзе прынятае адпаведнае заканадаўства.

Пры гэтым кіраўнік Нацбанка абверг магчымасць пераходу на расійскі рубель ці нейкую наднацыянальную валюту. Гэтыя размовы ні на чым не грунтуюцца, кажа Калаур. "Гэтыя размовы бударажаць грамадскасць, фармуюць павышаныя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. Для такога роду выказванняў ніякіх падстаў няма", — прыводзіць TUT.by яго словы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.