На "Санта-Брэмар" адбылася ўцечка аміяку
![Халадзільная ўстаноўка СП "Санта-Брэмар" / БЕЛТА](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/santa_bremor_3_06.jpg.webp?itok=4Uq96-SV)
Халадзільная ўстаноўка СП "Санта-Брэмар" / БЕЛТА
Ратавальнікі выявілі істотнае перавышэнне гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі (ГДК) па аміяку ў адным з цэхаў сумеснага прадпрыемства "Санта-Брэмар". Інцыдэнт адбыўся напярэдадні, распавялі ў прэс-службе МНС.
Каля 7 гадзін спрацавала сістэма кантролю ў аміячнай кампрэсарнай.
"Падчас правядзення разведкі работнікамі МНС выяўлена, што ўнутры кампрэсарнага цэха маецца перавышэнне ГДК па аміяку", распавялі ў ведамстве. Пры норме ў 20 мг / м. куб прыборы паказалі ўтрыманне аміяку ў паветры — 48 мг / м.куб, гэта значыць, амаль у 2,5 разы больш за норму.
Пры гэтым за межамі кампрэсарнай паказчыкі былі ў норме, перавышэння ГДК па аміяку не было. Ніхто не пацярпеў.
Зараз ідзе разбіральніцтва — спецыялісты высвятляюць прычыны інцыдэнту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.