На рамонт камунальнай аварыі ў Рэчыцы спатрэбіліся тры дні

На месцы камунальнай аварыі ў Рэчыцы

На месцы камунальнай аварыі ў Рэчыцы / Дняпровец

Тры дні спатрэбіліся камунальнікам Рэчыцы, каб справіцца з прарывам на цэнтральным калектары агульнай каналізацыі.

Як адзначае выданне "Флагшток", першая аварыя здарылася 9 сакавіка ў раёне пуцеправода з боку былога тубдыспансера. Аднавіць працу сістэмы камунальнікі здолелі на наступны дзень.

Другая аварыя здарылася ўдзень 11 сакавіка і была больш сур'ёзнай. На скрыжаванні вуліц Савецкай і Красікава праваліўся асфальт, калі на цэнтральным калектары адбыўся пралом трубы на глыбіні 5 метраў.

Справіцца самастойна з аварыяй "Рэчыцаводаканал" не здолеў: давялося прыцягваць тэхніку іншых прадпрыемстваў і "Беларуснафты". Сітуацыю ўскладняла тое, што паблізу ад месца аварыі пралягаў кабель "Белтэлекама".

Толькі зранку 13 сакавіка ўлады паведамілі, што замена пашкоджанага ўчастка трубы на калектары завершана, а земляныя работы працягнуцца: "Тэрыторыя абгароджаная, магчымая ўсадка грунту. Аварыйныя службы манітораць працу калектара".

"Флагшток" адзначае, што камунальныя аварыі на гэтых участках здараюцца пастаянна. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.