На касмічным кангрэсе Лукашэнку падарылі карціну касманаўта Лявонава

На касмічным кангрэсе Лукашэнку падарылі карціну касманаўта Лявонава

У Мінску адкрыўся XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі удзельнікаў касмічных палётаў. У ім прымаюць удзел каля 80 касманаўтаў з розных краінаў

З прывітальным словам на цырымоніі адкрыцця выступіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Удзельнікі кангрэсу падарылі яму карціну, напісаную Аляксеем Лявонавым — першым чалавекам, які пабываў у адкрытым космасе, перадае БЕЛТА.

Падарунак уручыў беларускі лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук. Па яго словах, удзельнікі доўга думалі, які падарунак зрабіў Лукашэнку. "Толькі пабываўшы ў космасе, разумееш, што самае дарагое для любога чалавека — гэта Зямля і месца, дзе ён нарадзіўся — малая радзіма. Першы чалавек, які пабываў у адкрытым космасе, — Аляксей Лявонаў намаляваў карціну, у якой злучаныя космас у выглядзе ўзыходу сонца і Зямля ў выглядзе прыроды родных мясцін. Гэта вельмі сімвалічна і сугучна таму, што зрабілі мы, абвясціўшы 2018 год у Беларусі Годам малой радзімы", — сказаў касманаўт.

Ён паведаміў, што сам Лявонаў на жаль не змог прыняць удзел у форуме ў сувязі са станам здароўя. 

Лукашэнка ў адказ заявіў, што карціна будзе падарункам усяму беларускаму народу і зойме пачэснае месца ў Палацы Незалежнасці. 

Самыя вялікія дэлегацыі на кангрэс прыслалі Расія і ЗША. Сярод запрошаных такія легендарныя асобы, як Святлана Савіцкая — першая жанчына, якая выйшла ў адкрыты космас; экс-рэкардсмен па знаходжанні ў адкрытым космасе Сяргей Крыкалёў, амерыканскі астранаўт Скот Кэлі, які правёў у космасе год, першы кітайскі касманаўт Ян Лівэй

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі