На ЦТ зарэгістраваліся больш за 92 тысячы абітурыентаў

На ЦТ зарэгістраваліся больш за 92 тысячы абітурыентаў

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне запісаліся 92 274 чалавекі. Такую лічбу агенцтву БЕЛТА назваў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Мікалай Фяськоў. Па яго словах, гэта на 8,5 тысячы менш, чым летась.

"Аднак з улікам таго, што дазволена здаваць чатыры прадметы, чалавека-тэстаў, якія з'яўляюцца адным з асноўных паказчыкаў, — 311 830. Гэта больш на 40,5 тыс., чым у мінулым годзе", — дадаў спецыяліст. 

Таксама Фяськоў паведаміў, толькі 40% абітурыентаў зарэгістраваліся на ЦТ па чатырох прадметах. Новаўвядзенне дзейнічае з гэтага года. 

На рускую мову зарэгістравалася 75,4 тыс. абітурыентаў — гэта менш, чым летась (тады было крыху больш за 78 тыс.). А вось ахвочых здаваць беларускую мову стала больш: сёлета амаль 28,5 тыс. чалавек супраць 22,3 тыс. чалавек у мінулым годзе. 

На матэматыку зарэгістравалася 51,5 тыс. (летась каля 48 тыс.), фізіку — больш за 30 тыс. (каля 28 тыс.), на біялогію і англійскую мову прыкладна аднолькава — больш за 29 тыс. абітурыентаў (гэта больш, чым летась).

Рэгістрацыя на ЦТ завяршылася 1 чэрвеня ў 19.00. Для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе зарэгістравацца з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове пройдзе 12 чэрвеня, рускай мове — 14 чэрвеня, грамадазнаўстве — 16 чэрвеня, матэматыцы — 18 чэрвеня, біялогіі — 20 чэрвеня, замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 22 чэрвеня, хіміі — 24 чэрвеня, фізіцы — 26 чэрвеня, гісторыі Беларусі — 28 чэрвеня, геаграфіі — 30 чэрвеня, сусветнай гісторыі (найноўшы час) — 2 ліпеня. Час пачатку ЦТ, у тым ліку ў рэзервовыя дні, — 11.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі