На АНТ расказалі пра арышт падпалкоўніка КДБ і афіцэра Генштаба

Увечары 31 сакавіка на тэлеканале АНТ расказалі пра арышт падпалкоўніка КДБ і афіцэра Генштаба. Былі паказаны дзве часткі фільма "Аперацыя КДБ "Манкурты".

У фільме паведамляецца, што восенню 2020-га ў КДБ быў вылічаны "здраднік", які збіраўся перадаць за мяжу сакрэтныя даныя — падпалкоўнік Аляксей Храловіч. Яго затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні з палітэмігрантамі. Сцвярджаецца, што аўдыёзапісы некалькіх людзей з улады, якія летась былі апублікаваныя, былі пастаноўкай ("следчым эксперыментам"), пра што Храловіч не ведаў. Далей з яго дапамогай КДБ спрабаваў выявіць шляхі эвакуацыі з Беларусі людзей, якім пагражала небяспека арышту — ён дамаўляўся пра сваю "эвакуацыю". У выніку за краты трапіла група людзей, якая яму мусіла дапамагчы.

Таксама ў фільме расказалі пра арышт капітана Дзяніса Урада, які падчас дзяжурства ў Генштабе сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны і адправіў яго аднаму тэлеграм-каналу.

Арыштаваным пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.