МЗС Расіі адказаў Глазу: Беларусь нам усё адно братняя краіна

МЗС Расіі адказаў Глазу: Беларусь нам усё адно братняя краіна

МЗС Расіі пракаментавала дыскусію беларускіх калег з расійскім амбасадарам Міхаілам Бабічам. Адмысловы каментарый з'явіўся на сайце расійскага дыпламатычнага ведамства. 

Як паведамлялася раней, 14 сакавіка Бабіч даў інтэрв'ю РІА "Новости", якое выклікала бурную рэакцыю ў Беларусі. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз даў рэзкую водпаведзь, назваўшы расійскага амбасадара бухгалтарам. У адказ той заявіў, што да балбатні ставіцца спакойна. 

У каментары МЗС гаворыцца, што ўвага да беларуска-расійскіх адносінаў цалкам вытлумачальная. "З улікам глыбіні і маштабу нашага супрацоўніцтва гэтыя дыскусіі чацяком набываюць эмацыйны характар, часам, на жаль, выходзячы за рамкі дыпламатычнай карэктнасці", — дадаюць расійскія дыпламаты.

Пры гэтым у заяве падкрэсліваецца: "Беларусь з'яўляецца братняй краінай, самым надзейным, стратэгічным партнёрам Расіі". Як прыклад супрацы гаворыцца, што тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі ў 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м вырас на 9,4% — да 35,5 мільярда долараў.

"Зразумела, у расійска-беларускіх адносінах бываюць сюжэты, па якіх ацэнкі і падыходы бакоў не ва ўсім супадаюць. Пры гэтым, аднак, мы заўсёды знаходзілі і знаходзім рашэнні нават самых цяжкіх пытанняў", — запэўнівае расійскі МЗС. 

Для далейшай супрацы была створаная беларуска-расійская працоўная група. Прычым прадстаўнікі Расіі, як гаворыцца ў каментары, падрыхтавалі канструктыўныя прапановы і перадалі іх беларускім калегам. 

"Настроеныя на працяг спакойнай рытмічнай працы на дасягненне канкрэтных вынікаў без эмоцый і непатрэбных публічных выплескаў. Разлічваем на такі ж падыход і ад нашых беларускіх сяброў", — гаворыцца напрыканцы заявы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі