Вы тут

МЗС Беларусі: Сітуацыя ў Сірыі ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт

Фота з адкрытых крыніцаў

Міністэрства замежных справаў апублікавала па сваім сайце паведамленне, у якім гаворыцца пра афіцыйную пазіцыю Беларусі што да сітуацыі ў Сірыі. Паводле паведамлення МЗС, Рэспубліка Беларусі рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па сірыйскай тэрыторыі.

“Такім чынам сітуацыя ў Сірыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, які тоіць у сабе далейшую некантраляваную эскалацыю з выйсцем яе па-за рамкі рэгіёну. Заклікаем ўсе ўцягнутыя бакі неадкладна спыніць выкарыстанне ваеннай сілы супраць іншых дзяржаваў і шукаць шляхі ўрэгулявання канфліктаў мірнымі сродкамі за сталом перамоваў”, — сказана ў паведамленні МЗС.

У знешнепалітычным ведамстве таксама падкрэсліваюць, што выкарыстанне забароненых відаў зброі масавага паражэння не павінна заставацца без наступства, аднак захады ў адказ “павінны базавацца на адназначных і спраўджаных фактах і рабіцца ў дакладнай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права”. МЗС пры гэтым заяўляе, што ніводны з гэтых крытэрыяў не быў датрыманы.

Беларускі бок заклікае Арганізацыю па забароне хімічнай зброі тэрмінова спраўдзіць інфармацыю пра выкарыстанне хімічнай зброі ў Сірыі і дакласці вынікі расследавання Савету Бяспекі ААН.

“Мяркуем, што ўсім чальцам Савета Бяспекі ААН варта прыкласці максімальныя намаганні для выканання ўскладзенай на іх міжнароднай супольнасцю задачы па аднаўленні і падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі”, — гаворыцца ў заяве.