Музыку Алегу Хаменку прысудзілі 3 гады калоніі

У віну яму паставілі пастаяннае супрацоўніцтва з рэдакцыяй "Беларускае Радыё Рацыя"

У віну яму паставілі пастаяннае супрацоўніцтва з рэдакцыяй "Беларускае Радыё Рацыя" / LookByMedia

4 сакавіка Мінскі гарадскі суд вынес прысуд музыканту, даследчыку, радыёвядучаму Алегу Хаменку. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса — "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", паведамляе БАЖ.

У віну Алегу Хаменку паставілі пастаяннае супрацоўніцтва з рэдакцыяй "Беларускае Радыё Рацыя".

Судовы працэс над ім пачаўся 19 лютага 2026 года. За гэты час адбылося некалькі пасяджэнняў. У выніку суд абвясціў прысуд: тры гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і буйны штраф — больш за 20 000 рублёў.

Крымінальная справа, як вынікае з таго, што на экспертызу былі накіраваныя выпускі музычных праграм Хаменкі на "Радыё Рацыя", узбуджаная менавіта за супрацоўніцтва з радыёстанцыяй.

Музыкант быў затрыманы ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Спачатку на падставе адміністрацыйнага абвінавачання яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. А ў пачатку ліпеня стала вядома, што супраць радыёвядучага ўзбудзілі крымінальную справу і яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Калядзічах.

9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Хаменку палітычным зняволеным.

Музыкант, выкладчык, кампазітар, прадзюсар і радыёвядучы Алег Хаменка вядомы як прамоўтар беларускай музыкі праз радыё. Ён стваральнік фолк-мадэрну — новага кірунку ў сучаснай беларускай музыцы, лідар папулярнай групы "Палац".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.