Вы тут

Муж Ціманоўскай: "Ужо на ўкраінскай мяжы падтрымлівалі памежнікі"

Крысціна Ціманоўская і яе муж Арсеній Зданевіч / instagram.com/kristi_timanovskaya

Арсеній Зданевіч, муж бягухі Крысціны Ціманоўскай, якую чыноўнікі НАКа ў час Алімпіяды паспрабавалі выдварыць з Японіі, экстранна з'ехаў з Беларусі. Ён цяпер у бяспецы і даў першае інтэрв'ю Еўрарадыё.

— Вы едзеце ў Кіеў, як пісалі СМІ?

— На цяперашні момант я ўжо знаходжуся на тэрыторыі Украіны, са мной усё добра.

— Чаму вы вырашылі з'ехаць ва Украіну?

— Ну таму што, па-першае, тут хоць нейкія знаёмыя, якія могуць на першы час дапамагчы. А па-другое, нават ужо на мяжы памежнікі падтрымлівалі і зычылі ў далейшым поспехаў, каб у нас усё склалася. Ужо ва Украіне ведаюць усю сітуацыю і гатовыя дапамагаць.

— Як вы бачыце гэтую сітуацыю збоку?

— Уся праблема ў тым, што нашы кіраўнікі, яны няправільна дзейнічаюць, яны нават не вывучаюць спартсменаў, якія яны віды будуць рабіць, усё гэта даведваецца ў апошні момант. І вядома, я разумею эмоцыі Крысціны, якая даведалася, што трэба бегчы замест сваёй дыстанцыі эстафету 4х400 метраў. Таму што для яе гэта дыстанцыя... ну, вельмі вялікая дыстанцыя. Яна патрабуе іншай падрыхтоўкі.

І я не разумею наогул, навошта выстаўляцца на эстафету, калі не стае людзей, якія канкрэтна рыхтаваліся на гэты від, дапаўняць яе людзьмі, для якіх, груба кажучы, 400 метраў гэта вельмі цяжка.

Маё меркаванне, што наогул лепш было не выстаўляць гэтую эстафету. І даць дзяўчатам, каб яны нармальна адпрацавалі свае віды. І проста не загружаліся наконт гэтай эстафеты маральна і псіхалагічна.

— Як трэнер, растлумачце, якая розніца паміж 200 і 400 метрамі, паміж звычайным забегам і эстафетай?

— На першы погляд падасца, што там 200 і 400 метраў — розніца невялікая, але на самай справе 400 метраў гэта вельмі цяжкая дыстанцыя. Там патрэбна і цягавітасць, і трэба, каб былі гатовыя мышцы на высокай хуткасці. Гэта дыстанцыя, дзе трэба працаваць на максімум, каб паказаць вынік.

Гэта значыць, патрабуецца пэўная паслядоўнасць дзеянняў. Трэба раскласці дыстанцыю, дзесьці пачаць марудней, дзесьці хутчэй. А 200 метраў — гэта больш такая кароткая дыстанцыя, дзе ты паказваеш максімальную хуткасць у кароткім прамежку. Нюансаў вельмі шмат.

Уявіце, калі баксёра паставяць на барцоўскі від спаборніцтваў. Тут прапануюць тое самае.

— Чаму такое адбываецца ў камандзе? Непрафесіяналізм функцыянераў?

— Я думаю, што так. Яны бачаць, што з гэтай эстафеты нічога не атрымліваецца, што не стае людзей, і проста ставяць спартсменаў з іншых відаў, каб закрываць дзіркі. Я лічу, што гэта няправільна. Кожны спартсмен павінен рыхтавацца канкрэтна да свайго віду, ехаць і паказваць вынік.

— Вы размаўлялі з Крысцінай, калі яна была ў аэрапорце Токіа?

— Так, у мяне была сувязь, але пагутарыць удавалася вельмі рэдка. Дзесьці атрымлівалася выйсці на сувязь, у нейкі момант не атрымлівалася.

— Калі вы вырашылі з'язджаць з Беларусі?

— У момант, калі жонка вырашыла канчаткова не вяртацца ў краіну. Тады было прынята хуткае рашэнне як мага хутчэй выехаць.

— Яна заплакала ў час размовы з прадстаўнікамі каманды. Якая яна па характары, ці лёгка вывесці яе з сябе?

— Ну ўвогуле, яна дзяўчына з характарам. Гэта значыць, яе ў штодзённым жыцці цяжка давесці да такога стану. Тое, як яе там даводзілі, у мяне няма слоў ад таго, якімі метадамі дзейнічаюць нашы суайчыннікі. Я проста ў шоку ад прадстаўнікоў нашай каманды, як яны ціснуць на спартсменаў.

— Як вы рыхтаваліся да Алімпіяды?

— У Крысціны асноўны трэнер знаходзіцца ў Аўстрыі, і яна не магла туды трапіць, таму што быў кавід і праблемы з перавозкай. Таму ў Беларусі дапамагаў ёй я. Мы вельмі хацелі выступіць на Алімпіядзе!

— Як вы абмяркоўвалі ў сям'і яе ўчынак?

— Ну я жонку падтрымліваю. І ўсякае яе рашэнне прыму таксама станоўча.

— Вы разумееце, што вы не зможаце вярнуцца ў Беларусь і кар'еру, магчыма, давядзецца пачынаць з нуля?

— Я разумею і не шкадую. Таму што я не хачу, каб мая жонка знаходзілася адна ў іншай краіне, без якой-небудзь падтрымкі. Я ў кожным разе яе падтрымаю і буду побач з ёй. І працу, я думаю, можна знайсці ў іншай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.