Вы тут

МУС пацвердзіла затрыманне ў Мінску расіянкі Ганны Багачовай

Як мяркуецца, на фота Ганна Багачова / Instagram

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пацвердзіла інфармацыю аб затрыманні ў Мінску грамадзянкі Расіі Ганны Багачовай. Дзяўчыну, якую расійскія СМІ звязваюць з "Фабрыкай троляў" Яўгена Прыгожына, міліцыя затрымала ў адным з гатэляў сталіцы Беларусі "як асобу, што знаходзіцца ў міжнародным вышуку".

"Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэння і прыняцця рашэння ў пракуратуру, — паведамляе ў сваім тэлеграм-канале афіцыйная прадстаўніца МУС Беларусі Вольга Чамаданава. — На дадзены момант яна адпушчаная".

Пра затрыманне Ганны Багачовай стала вядома сёння ранкам. Пра яе пішуць як пра паліттэхнолага, а запыт на яе затрыманне звязваюць з санкцыямі ЗША, пад якія Багачова трапіла ў 2018 годзе. У Злучаных Штатах расіянку падазраюць ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары 2016 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.