Мітынг супраць акумулятарнага завода ў Брэсце сабраў каля 2 тысяч чалавек

 Мітынг супраць акумулятарнага завода ў Брэсце сабраў каля 2 тысяч чалавек

У Брэсце прайшоў дазволены ўладамі мітынг “Брэстаўчанкі супраць свінца”. Паводле ацэнак праваабаронцаў, ён сабраў каля 2 тысяч чалавек. Як піша TUT.by, людзі прыйшлі ў парк воінаў-інтэрнацыяналістаў з плакатамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, а таксама з жоўтымі шарыкамі з надпісам “Жыць”.

Падчас мітынгу адбываўся збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў абласной, раённай і гарадской вертыкаляў, быў размешчаны стэнд з фотаздымкамі чыноўнікаў, якія, на думку арганізатараў акцыі, адказныя за будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода.

У рэзалюцыі, прынятай па выніках мітынга, гаворыцца пра тое, што прадпрыемства “АйПауэр” пад Брэстам быць не павінна.

Пратэсты супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства адбываюцца ў горадзе з 25 лютага кожную нядзелю. Узвядзенне акумулятарнага завода распачалося на прамысловай пляцоўцы “Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”. Жыхары абласнога цэнтра, бліжэйшых вёсак і сябры садовых таварыстваў занепакоеныя з гэтай нагоды, бо лічаць вытворчасць шкоднай. Аднак афіцыйная экспертыза сцвярджае, што значнага ўплыву на навакольнае асяроддзе такі завод не зробіць.

Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць будаўніцтва завода падпісалі 36 тысяч чалавек. Ён быў накіраваны 22 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі