Мітрапаліт Павел заклікаў вернікаў не хадзіць на фільм "Мацільда"

Мітрапаліт Павел заклікаў вернікаў не хадзіць на фільм "Мацільда"

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі заклікаў вернікаў не хадзіць на прагляд фільма "Мацільда". Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю афіцыйнаму парталу Беларускай праваслаўнай царквы

Як вядома, фільм "Мацільда" ўжо выклікаў гарачыя спрэчкі ў Расіі. У стужцы распавядаецца пра каханне Мікалая ІІ і балярыны Мацільды Кшасінскай. Некаторыя прадстаўнікі праваслаўнай супольнасці заявілі, што фільм здзекуецца з памяці Мікалая ІІ, прызнанага святым за сваю пакутніцкую смерць. 

У Беларусі, як паведамляла Еўрарадыё, "Мацільда" атрымала пракатнае пасведчанне. Яе паказ пачнецца 26 кастрычніка. У камісію Мінкульту, якая дазволіла паказ фільма, уваходзіў і прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы. 

Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што афіцыйнай пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы наконт гэтага фільма на сёння няма. Аднак сам мітрапаліт атрымаў негатыўнае ўражанне пасля прагляду некалькіх відэаролікаў фільма, размешчаных у інтэрнэце.

"Для чаго чалавек піша кнігу або здымае фільм? Магчыма, для таго, каб развесяліць людзей, тады піша камедыю, а можа быць, распавесці гісторыю, тады піша аповесць пра нейкага чалавека, жыццё, подзвіг і працы якога паслужаць добрым настаўленнем або перасцярогай ад дрэнных учынкаў іншым людзям. Мне незразумелая задума фільма "Мацільда". Навошта і для чаго ён ствараўся? А вынік яго стварэння ўсім відавочны. Ён падзяліў наша грамадства, пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей, выклікаў хвалю абурэння ў тых, для каго імператар Мікалай Другі — пакутнік і мучанік", — заявіў кіраўнік БПЦ.

На яго думку, фільм пра Мікалая ІІ мусіць быць павучальным, высакародным, які натхняе на ратны подзвіг і стваральную працу на карысць народа.

Мітрапаліт абурыўся тым, што паказ фільма запланаваны на восень 2017 года — у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. "Хочацца звярнуцца і спытаць у тых, хто ствараў гэты фільм: чым жа мы лепш за французскі часопіс "Шарлі Эбдо", які здзекуецца з таго, што дорага людзям, з тых пачуццяў, якія перажываюць людзі, якія страцілі блізкіх у складаных абставінах? Ды нічым! У нас адбываецца куды больш сумнае падзея: мы здзекуемся са сваёй гісторыі. І гэта страшна!" — падсумаваў ён.

Мітрапаліт Павел нагадаў, што царква не можа забараніць паказ фільма "Мацільда" і заклікаў "прагаласаваць нагамі". 

Дарэчы, раней кіраўнік БПЦ абураўся тымі, хто "здзекуецца" з памяці Мікалая ІІ. "Сёння паздзекваліся з Мікалая Другога, імператара, заўтра будуць паказваць, чым займаўся Уладзімір Ільіч Ленін у шалашы, чым ён займаўся ў Парыжы… Паслязаўтра іншага кіраўніка будуць паласкаць і ганьбіць… Гэта непрыемна", — заяўляў мітрапаліт Павел

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі