Мінпрацы: У Беларусі заробкі мужчын на 24% большыя, чым у жанчын

Мінпрацы: У Беларусі заробкі мужчын на 24% большыя, чым у жанчын

У Беларусі разрыў у заробках жанчын і мужчын складае каля 24%, паведаміла журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна перад пачаткам міжнароднага форума жанчын-лідараў “Роўныя магчымасці для лепшай будучыні”. У форуме, які праходзіць у Мінску, прымаюць удзел 100 дэлегатаў з 25 краін.

Адметна, што за апошнія гады розніца ў заробках мужчын і жанчын павялічылася амаль удвая: у снежні 2010 года намінальна налічаны заробак мужчын перавышаў заробак жанчын толькі на 13,1%. Шчоткіна адзначае, што гэта звязана з тым, што жанчыны пераважна занятыя ў сферах з ніжэйшымі заробкамі — медыцына, адукацыя, культуры.

Міністр працы заяўляе, што ў Беларусі апошнім часам дасягнуты значны прагрэс у эвалюцыі гендэрных адносінаў: паводле індэксу гендэрнай няроўнасці наша краіны займае 28-е месца ў свеце. Летась завяршылі рэалізацыю чацвёртага праграмнага дакумента на 2011-2015 гады, у аснову якога былі пакладзеныя палажэнні рэкамендацыі Камітэта ААН па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын.

Таксама Марыяна Шчоткіна казала пра важнасць укаранення гендэрнага падыходу ў СМІ і сферу адукацыі — гэта дапаможа пераадолець гендэрныя стэрэатыпы. У гэтым сэнсе важная таксама якасная адукацыя, узровень якой сярод беларусак дастаткова высокі. Сярод занятых у эканоміцы жанчын вышэйшую адукацыю маюць 33,9%, срод мужчын — 24,4%.

Сярод дзяржаўных служачых жанчыны складаюць 71%, вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады — 55%, у парламенце — каля 29%.

У краіне на сёння каля 30 аб’яднанняў жаночай скіраванасці, болей за палову сябраў якіх — жанчыны, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі