Вы тут

Мінскія ўлады паказалі, якім будзе басейн, які пабудуюць за кітайскія грошы

Такім будзе басейн / @minskiygorispolkom

Мінскія ўлады паказалі, якім будзе "басейн міжнароднага стандарту", які пабудуюць за кітайскія грошы недалёка ад станцыі метро "Маладзёжная". Як паведамляе ў Telegram прэс-служба Мінгарвыканкама, плануецца, што працы пачнуцца ў другой палове гэтага года, а скончацца да канца 2023-га.

У архітэктурнай канцэпцыі спартыўнага аб'екта акцэнт зрабілі на нацыянальных сімвалах Беларусі. Галоўны фасад складаецца з пяці злучаных ромбаў, якія нагадваюць і беларускую, і кітайскую сімволіку. Архітэктары падкрэсліваюць. што басейн будзе сімвалізаваць нацыянальныя традыцыі беларусаў і дружбу беларускага і кітайскага народаў.

Паколькі басейн адпавядае міжнародным стандартам, у ім можна будзе праводзіць і нацыянальныя, і міжнародныя спаборніцтвы па плаванні, скачках у ваду, водным пола і сінхронным плаванні. Ён стане не толькі пляцоўкай для падрыхтоўкі спартсменаў, але і магчымасцю для гараджан займацца плаваннем.

Галоўны архітэктар Мінска Вольга Радчанка кажа, што вышыня будынка складзе каля 30 метраў, плошча — 40 тысяч квадратных метраў. Унутраная прастора будзе падзелена на зоны для спаборніцтваў, адпачынку, размінкі і трэніровак. У комплексе прадугледжана месца для асноўных спаборніцтваў, для скачкоў у ваду, для навучання плаванню дзяцей і г. д. Трыбуны змесцяць 6 тысяч заўзятараў.

Побач з басейнам пабудуюць спартыўны парк, у якім можна будзе пакатацца на скейтбордзе, арганізаваць прабежку ці нават пазагараць на пляжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.