Міністр унутраных спраў: стрым Радыё "Свабода" прыйшоў на змену Ціханоўскаму

 Міністр унутраных спраў: стрым Радыё "Свабода" прыйшоў на змену Ціханоўскаму

Незаконныя вулічныя акцыі арганізоўваюцца і кіруюцца праз Telegram-каналы. З такой заявай выступіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў у Палаце прадстаўнікоў 25 чэрвеня. 

Міністр паведаміў, што "людзі, якія хочуць зрабіць вулічную рэвалюцыю", маюць добрую арганізацыю. І абвінаваціў у гэтым... Радыё "Свабода". Ён згадаў стрым, які журналісты "Свабоды" вялі з цэнтра Мінска 18 чэрвеня. 

"Яны замянілі сабой стрымы Ціханоўскага. У бягучым радку, з каментарамі самаарганізоўваліся і арганізоўваліся з кімсьці: "ссоўваемся направа", "ссоўваемся налева", "разрыў ланцужка", — паведаміў ён падрабязнасці.

Па словах Караева, гэтыя людзі вынайшлі новую форму масавага мерапраемства, таму яны не сыходзяць пасля завяршэння пікетаў. Так ён ацаніў "ланцугі салідарнасці", якія ўзнікалі ў розных раёнах Мінска. 

"Але сутнасць ад гэтага не памянялася. Яны кіруюцца праз Telegram-каналы і праз стрым "Радыё Свабода", — зноў заявіў ён. 

Небяспеку такіх масавых мерапрыемстваў ён пабачыў у тым, што яны прывабліваюць шмат пабочных людзей. "А тыя, якія датычныя, потым пачынаюць даказваць, што "ішлі з крамы", — абурыўся міністр. 

Ён згадаў прыклад затрыманага доктара-анколага, які казаў, што апынуўся ў месцы "ланцуга салідарнасці" выпадкова. Але відэа даказала, што мужчына стаяў у ланцужку свядома. "Але цяпер модна прыкрывацца лекарамі. Лекар лечыць, а вы яго, міліцыянты, схапілі. Нашы ідэалагічныя апаненты выкарыстоўваюць менавіта такія рэчы", — падсумаваў Караеў.

Гаворачы пра затрыманне двух глуханямых братоў на "ланцугу салідарнасці" ў Гомелі, міністр паведаміў: "Начальніку УУС сказаў паехаць і папрасіць прабачэння перад таварыствам глуханямых". Па яго словах, чапаць гэтых людзей не трэба было, нават калі яны свядома ўсталі ў ланцужок. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі