Вы тут

Міністр абароны Украіны папярэджвае беларусаў пра правакацыі расіян

Аляксей Рэзнікаў / Ukrinform

11 сакавіка міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў звярнуўся да беларускага народа. Ён заявіў, што ўкраінскі бок мае пацверджаную інфармацыю пра "серыі крывавых правакацый", якую рыхтуе "камандаванне расійскіх акупацыйных войскаў".

"Згодна з іх злачыннай задумай, расійская авіяцыя рыхтуецца нанесці ўдар па шэрагу населеных пунктаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца паблізу ад украінска-беларускай мяжы, — піша Рэзнікаў. — У прыватнасці, удару збіраюцца падвергнуць н[аселены] п[ункт] Копані, Столінскага раёна Брэсцкай вобласці".

Міністр абароны сцвярджае, што Расія мае намер з мэтай "маскіроўкі злачынства" здзейсніць атаку "з паветранай прасторы Украіны". Ён мяркуе, што мэта РФ — "вымусіць дзеючае кіраўніцтва Беларусі да вайны супраць Украіны". "Масква спрабуе павязаць вас крывёю", — дадаў ён.

Аляксей Рэзнікаў падкрэслівае, што "украінская армія не планавала, не плануе і не будзе планаваць ніякіх агрэсіўных дзеянняў супраць Беларусі". Нават нягледзячы на ракетныя абстрэлы з боку Беларусі (пра іх ён нават не згадаў).

Міністр абароны Украіны заклікае беларусаў не дазволіць уцягнуць іх у вайну: "Не дайце Крамлю знішчыць будучыню Беларусі!".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.