Вы тут

Мінэнерга: у праграме БелАЭС прадугледжвалася часовае спыненне

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Праграма запуску Беларускай АЭС прадугледжвала часовае спыненне вытворчасці электраэнергіі, заяўляюць чыноўнікі Міністэрства энергетыкі.

"Міністэрства энергетыкі пацвярджае факт часовага спынення пастаўкі электраэнергіі ад Беларускай АЭС, што і прадугледжана праграмай этапу "энергетычны пуск", — цытуе БЕЛТА паведамленне Мінэнерга.

У ведамстве кажуць, што на этапе запуску прадугледжаныя рэжымы зніжэння магутнасці турбагенератара — аж да нулявой. Гэта патрабуецца, каб правесці выпрабаванні і неабходныя работ, уключаючы даводку і наладку абсталявання па выніках выпрабаванняў. Гэтым, маўляў, цяпер і займаюцца на БелАЭС. 

Як і напярэдадні, у Мінэнерга падкрэсліваюць: "Усе тэхналагічныя сістэмы на энергаблоку працягваюць працаваць у штатным рэжыме".

У суботу, 7 лістапада, станцыю ўрачыста адкрыў Аляксандр Лукашэнка. Аднак ужо ў панядзелак стала вядома, што прыкладна апоўні ў нядзелю АЭС перастала пастаўляць электраэнергію. Пад вечар 9 лістапада Мінэнерга прызнала, што на АЭС патрабуецца замена "асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, турбіна была спыненая пасля таго, як выбухнулі некалькі трансфарматараў напружання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.