Вы тут

Мінабароны расказала, як пройдзе парад на Дзень Перамогі

Парад / Еўрарадыё

У Мінску працягваецца падрыхтоўка да вайсковага параду, які пройдзе ў Дзень Перамогі 9 траўня.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі не будуць адмяняць святкаванне Дня Перамогі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. 

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, парад адбудзецца ўвечары і зойме каля адной гадзіны. Ён пройдзе ў традыцыйным фармаце: праходжанне пешай і механізаванай калон, пралёт авіяцыі. Завершыцца парад пляц-канцэртам зводнай роты ганаровай варты і выступленнем зводнага аркестра.

Трэніроўкі да параду праводзяцца тройчы на тыдзень. Пешая калона трэніруецца на пляцы Мінскай вайсковай камендатуры, механізаваная — на аэрадроме Ліпкі. Генеральныя рэпетыцыі парада пройдуць у Мінску 5 і 7 траўня.

У пешай калоне пройдуць 22 парадныя разлікі, у тым ліку па адным — з Расіі ды Кітая. Агулам гэта будзе больш за 3000 чалавек. Механізаваную калону складуць 18 парадных разлікаў, куды ўвойдуць 185 адзінак тэхнікі. З гэтых 18 разлікаў два будуць прадстаўляць Расійскую Федэрацыю. 

У авіяцыйным парадзе прымуць удзел 34 беларускія паветраныя судны і 8 расійскіх. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.