Вы тут

Мінабароны патлумачыла пагрозу паветраных шарыкаў

Алег Арлоў / t.me/modmilby

Паветраныя шарыкі, якія ляцелі з боку Літвы, неслі пагрозу Беларусі. Пра гэта ў афіцыйным каментары прэс-службе Мінабароны заявіў выканаўца абавязкаў намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны, палкоўнік Алег Арлоў.

Паводле яго слоў, у гэтым здарэнні ёсць тры аспекты. Па-першае, "любая мяжа любой дзяржавы з'яўляецца недатыкальнай", кажа палкоўнік Арлоў. Па-другое, шарыкі могуць уяўляць пагрозу для палётаў, уключаючы грамадзянскі самалёт.

"І па-трэцяе, ніхто не ведае, якая падвеска ў гэтых шарыкаў. Яна можа быць абсалютна розная: выбуховыя рэчывы, атрутныя рэчывы і гэтак далей", — заяўляе палкоўнік Арлоў.

Як паведамлялася раней, вечарам 23 жніўня з боку Літвы ляцелі паветраныя шарыкі. Са слоў прэс-службы Мінабароны, яны неслі "антыдзяржаўную сімволіку". Супраць шарыкаў былі паднятыя ў паветра баявыя верталёты Мі-24. 

Як сёння заявіў МЗС Літвы, адзін з верталётаў парушыў паветраную мяжу гэтай краіны. Літоўскі бок перадаў афіцыйнаму Мінску ноту пратэсту. 

Каментуючы гэта, палкоўнік Арлоў заявіў: "Дзеянні нашых лётчыкаў расцэньваю як абсалютна адпаведныя нашаму і міжнароднаму заканадаўству. Нашы лётчыкі дзейнічалі ў паветранай прасторы нашай дзяржавы, гэта зафіксавана матэрыяламі аб'ектыўнага кантролю. Парушэння дзяржаўнай мяжы Літоўскай Рэспублікі не было".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.