Беларусь уначы папярэджвала Літву пра набліжэнне беспілотнікаў
Дроны, ілюстрацыйнае фота / unn.ua
Мінулай ноччу з тэрыторыі Беларусі ў бок Літвы рухаліся беспілотнікі. Беларускі бок позна ўвечары ў аўторак папярэдзіў пра гэта афіцыйную Вільню. Пра гэта паведаміў літоўскі міністр абароны Робертас Каўнас, піша LRT.
"У 22:47 мы атрымалі па тэхнічных каналах інфармацыю ад беларускага боку аб тым, што ў бок Літвы рухаюцца неапазнаныя аб'екты і што Беларусь спрабуе іх нейтралізаваць. /.../ Аб'екты не ўвайшлі ў паветраную прастору Літвы, а накіраваліся ў бок Латвіі і Расіі", — падзяліўся падрабязнасцямі Каўнас.
Пасля паўночы ў паветраную прастору Літвы заляцеў іншы беспілотнік. Ён прабыў у Літве некалькі хвілінаў, потым перасёк мяжу з Польшчай. Адтуль дрон вярнуўся ў Літву, праляцеў праз усю краіну, пасля чаго заляцеў у Латвію.
Знішчальнікі NATO спрабавалі збіць дрон, які ляцеў над Літвой. У ваколіцах Біржая былі выяўленыя абломкі ракеты, якую выпусцілі па ім. Паветраную трывогу абвяшчала ўначы 11 лістапада не толькі Літва, але таксама Латвія і Эстонія.