Міліцыянер на судзе: Мацкевіча не ведаю, але на акцыі яго пазнаў!

Міліцыянер на судзе: Мацкевіча не ведаю, але на акцыі яго пазнаў!

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Мінску судзяць філосафа Уладзіміра Мацкевіча за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў 15 лютага ў Мінску, на якой ён, па яго словах, не быў. Мацкевіч не хоча тлумачыць, дзе ён у той дзень быў на самай справе. Маўляў, рыхтуе спецыяльнае шоу для суда.

І шоу ў Мацкевіча атрымліваецца. Праўда, калі казаць шчыра, не без дапамогі міліцыянераў, якія супраць яго сведчаць. Дарэчы, на пасяджэнні прысутнічае старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які, убачыўшы сведак-міліцыянераў, радуецца ім як даўнім знаёмым.

“І вы тут! Як на працу ў суд ходзіце — на кожным працэсе сведчыце”, — звяртаецца ён да АМАПаўцаў.

У пачатку пасяджэння суддзя Вікторыя Шабуня прапануе першым выступіць з тлумачэннем Уладзіміру Мацкевічу, а пасля заслухаць сведак. Той адмаўляецца і прапануе зрабіць наадварот. Нібыта каб лепш даведацца пра доказы тых, хто ініцыяваў яго справу. Суддзя пагаджаецца. І пачынае выклікаць сведак-міліцыянераў Іллю Якаўлева і Аляксандра Шышко. Галоўныя пытанні: “Вы ўпэўненыя, што на акцыі бачылі Мацкевіча, як вы даведаліся, што гэта ён і чаму звярнулі ўвагу менавіта на яго?”

Абодва АМАПаўцы запэўніваюць, што на 100 адсоткаў упэўненыя: на акцыі на Кастрычніцкай плошчы 15 лютага быў менавіта Мацкевіч, і цяпер, у зале суда, яны яго пазнаюць: па акулярах, “няголенасці”, сівізне, абрысах твару і нават па… фігуры. Маўляў, менавіта ён трымаў на плошчы расцяжку з надпісам “Працу”. Праўда, пры гэтым не могуць апісаць чалавека, які стаяў побач з Мацкевічам. Чаму ж менавіта на яго звярнулі ўвагу?

Ілля Якаўлеў: Ён падаўся падазроным, таму і звярнулі на яго ўвагу.

Адвакат: І чым жа ён быў такі падазроны?

Ілля Якаўлеў: Ён расцягваў расцяжку. Сталы чалавек і расцягвае расцяжку — гэта падазрона…

Па словах міліцыянтаў, яны на Кастрычніцкай плошчы ў той дзень неслі службу ў “цывільнай форме адзення”. Таму самі да Мацкевіча не падыходзілі і пратакол на яго не складалі. Склаў пратакол і зрабіў фота з акцыі ўчастковы міліцыянер Дзяніс Трасняк, а яны пацвердзілі, што на фота сапраўды Мацкевіч.

Выклікаюць участковага. Ён пацвярджае, што быў на акцыі, рабіў фота і складаў пратакол на Мацкевіча. Не на акцыі, а потым, у РУУС, пасля прагляду адзнятых матэрыялаў. Але адкуль ён даведаўся, што на фота менавіта Мацкевіч? Ён што, яго ведае, цікавіцца адвакат.

Дзяніс Трасняк: “Мацкевіча я не ведаю, але на акцыі пазнаў яго...”

Кожнага са сведак Уладзімір Мацкевіч і яго адвакат настойліва перапытваюць: “Вы ўпэўненыя, што бачылі менавіта Мацкевіча? Вы памятаеце пра адказнасць за непраўдзівае сведчанне?” Міліцыянеры ўпэўненыя і ўсё ведаюць. І працягваюць стаяць на сваім. Мацкевіч дастае з рукава казырнага туза: квіткі на самалёт, якія даказваюць, што 15 лютага яго не было не толькі на акцыі ў Мінску, але і ўвогуле ў Беларусі — ён быў у Варшаве! Вылецеў туды 14 лютага, а вярнуўся ў Мінск 16-га. Ёсць і адпаведныя штампы польскіх памежнікаў у пашпарце. Глядзіць з жалем на сведак.

Мацкевіч: Вы бачыце, што я фізічна не мог быць на акцыі, бо мяне нават у Беларусі не было ў той дзень. Хто вам загадаў сведчыць супраць мяне?

Дзяніс Трасняк: Ніхто, і гэта да справы не мае дачынення, я не маю права адказваць на такое пытанне.

Мацкевіч: Значыць, вы зрабілі гэта па ўласнай ініцыятыве?

Дзяніс Трасняк: Так.

Суддзя аб’яўляе перапынак для вынясення рашэння. Сведкі-АМАПаўцы з лёгкімі ўсмешкамі на тварах выходзяць у калідор. Няма ні разгубленасці, ні страху перад магчымым адміністрацыйным пакараннем за ілжывае сведчанне. Участковы, які нібыта зрабіў фота Мацкевіча на акцыі, дастае відэакамеру і пачынае дэманстратыўна здымаць усіх прысутных у зале. Прысутныя не менш дэманстратыўна здымаюць яго за гэтай працай.

Усе чакаюць апраўдання Мацкевіча і гадаюць, ці будуць пакараныя “сведкі”. Але суддзя рашэння не прымае, а справу накіроўвае ў РУУС для дапрацоўкі.

На думку праваабаронцы Аляксея Казлюка, гэта зроблена для таго, каб пазбегнуць нейкага адказнага рашэння і ацэнкі сітуацыі з ілжэсведчаннем міліцыянераў супраць Мацкевіча.

Казлюк: “А гэтыя наступствы — прыцягненне да адказнасці сведак, якія вельмі ўпэўнена заяўлялі, што Мацкевіч быў на мітынгу. Пры гэтым былі фактычныя доказы, пісьмовыя, якія немагчыма неяк перавярнуць, што яго там не было і не магло быць”.

Па словах праваабаронцы, суддзя наўмысна зацягвае працэс, каб прайшлі ўсе тэрміны для разгляду “справы Мацкевіча”. І прагназуе: справа будзе знаходзіцца на дапрацоўцы роўна столькі, колькі неабходна, каб прайшоў тэрмін прыцягнення да адказнасці, і тады мы проста не ўбачым канчатковага рашэння. Адпаведна, ніхто не будзе прыцягнуты да адказнасці.

Сам Уладзімір Мацкевіч збіраецца падаць на міліцыянераў позву ў суд і даказаць, што яны давалі ілжывыя сведчанні, каб гэта стала навукай для ўсіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі