Вы тут

Міліцыя прыйшла дадому да музыкаў РСП — шукалі пратэстную сімволіку

Канцерт РСП / з архіва Еўрарадыё

Дадому да музыкаў гурта "Разбітае сэрца пацана" (РСП) прыходзіла міліцыя, рабілі агляд, распавяла менеджэр калектыву Настасся Доль, паведамляе TUT.BY.

Па словах Настассі, міліцыя шукала пратэстную сімволіку. Але нічога не знайшла. Паведамляецца, што з такімі ж аглядамі супрацоўнікі праваахоўных органаў прыходзілі і да іншых затрыманых на турбазе пад Смалявічамі.

Удзельнікаў і гледачоў канцэрту затрымалі 13 лютага. Паводле версіі МУС, гэта быў не канцэрт, а "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем бчб-сімволікі". Было затрымана 68 чалавек. Сярод пакараных за "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства" апынуліся і чацвёра музыкаў гурта РСП.

Фронтмэн калектыву Павел Гарадніцкі на судзе ў панядзелак распавядаў, што ехаў на канцэрт з нагоды Дня Святога Валянціна, і ніякіх сцягоў на мерапрыемстве не бачыў. А на пытанне суддзі "так, за што вас затрымалі?" музыка выказаў здагадку, што "па сутнасці, за тое, што ў кагосьці з гледачоў былі сцягі", прычым былі яны "напэўна, у заплечніках".

У выніку Паўла Гарадніцкага асудзілі на 15 сутак. Такі ж прысуд атрымалі і іншыя ўдзельнікі групы Андрэй Осіпчык, Дзяніс Тарасенка і Аляксандр Кавалёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.