Вы тут

Мігранты на беларуска-польскай мяжы пачалі ламаць плот і кідацца камянямі

Мігранты пачалі ламаць плот на мяжы / БЕЛТА

Абвастрэнне абстаноўкі адбылося на беларуска-польскай мяжы, дзе мігранты спрабуюць прарвацца праз Польшчу ў Германію. Мігранты пачалі ламаць загароду і кідаць камяні ў бок польскіх сілавікоў.

Тэлеграм-канал SHOT сцвярджае, што мігранты раздзяліліся. Адны падносяць камяні, іншыя кідаюць.

 Палякі ў адказ ужылі слезацечны газ. Быў задзейнічаны вадамёт, пасля чаго мігрантаў атрымалася крыху адсунуць ад загароды.

Крызіс на беларуска-польскай мяжы абвастрылася 8 лістапада. У гэты дзень да пункта пропуску "Брузгі" ла Гродна падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія патрабуюць, каб Польшча прапусціла іх у Германію. Напярэдадні яны перабраліся з ляснога лагера ў пункт пропуску.

У ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі лічаць, што ў стварэнні крызісу вінаваты афіцыйны Мінск, які мае на мэце "дэстабілізацыю сітуацыі на знешніх межах суседніх дзяржаў і ЕС і адцягненне ўвагі ад парушэння правоў чалавека ўнутры самой Беларусі".

Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль пацвердзіў, што такім чынам мігранты не змогуць трапіць у краіны ЕС. "Уезд у Еўрасаюз магчымы толькі праз законныя памежныя пераходы, у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага саюза - з наяўнасцю візы або шляхам працэдуры прадастаўлення прытулку", - сказаў ён. Учора ж быў ухвалены новы пакет санкцый ЕС супраць Беларусі.

Характэрна, што абвастрэнне сітуацыі на мяжы адбылося прыблізна ў той час, калі Аляксандр Лукашэнка ў Мінску абмяркоўваў са сваімі чыноўнікамі міграцыйны крызіс і заявіў пра "спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лагер".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.