Маскве трэба размаўляць у Мінску не толькі з Лукашэнкам — расійскае выданне

Сяргей Лаўроў і Аляксандр Лукашенка / з архіва БЕЛТА
Сяргей Лаўроў і Аляксандр Лукашенка / з архіва БЕЛТА

Палітычны аглядальнік аднаго з найстарэйшых расійскіх выданняў "Маскоўскі камсамолец" (МК) Міхаіл Растоўскі выказаў меркаванне, што Маскве трэба вырашацца на дыялог не толькі з Аляксандрам Лукашэнкам.

На яго думку, "адным з самых важных "моцных арэшкаў" для расійскай знешняй палітыкі ў 2021 годзе застанецца крызіс у Беларусі". На гэта ёсць мноства аб'ектыўных і, па меншай меры, адна суб'ектыўная прычына — расейская дыпламатыя скавана неразуменнем, з кім яшчэ можна весці дыялог у Мінску.

Растоўскі мяркуе, што Лукашэнка здолеў выбудаваць сцяну паміж двума бакамі, якія прагнуць ад яго пазбавіцца — Масквой і палітычным класам у Менску, "чальцы якога смяротна стаміліся ад выкрутасаў бацькі і хацелі б наладзіць схаваныя кантакты з Масквой, але не ведаюць, як зрабіць, каб не апынуцца пры гэтым злоўленымі і адразу "чвэртаванымі".

Пры гэтым у Маскве, на ягоную думку, нярэдка з гонарам кажуць пра гатоўнасць весці справы толькі з афіцыйным Мінска. Аўтар на гэта пярэчыць: узгадайце падзеі ў Кіеве ў 2014 годзе, калі расійская дыпламатыя таксама рабіла стаўку на ўладу. У апошні момант Масква паспрабавала выбудаваць адносіны з другім бокам, але было ўжо позна.

Цяпер падобная катастрофа пагражае паўтарыцца ў Беларусі, лічыць Растоўскі.

"Лукашэнка замкнуў ўвесь мінскі круг зносін нашай дыпламатыі на сябе і сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Ці не пара Маскве скідаць гэтыя кайданы са сваіх ног? Я перакананы, што пара. Вядома, працэс падобнага "вызвалення" будзе цяжкім і хваравітым. Але альтэрнатыва — нічога мяняць і плыць далей па плыні  — яшчэ горш", — лічыць расейскі палітаглядальнік.

На мінулым тыдні міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у чарговы раз заявіў, што лёс Беларусі павінны вырашаць грамадзяне краіны і іх законныя "легітымныя прадстаўнікі, а не самазванцы і іх заходнія куратары". У адказ лідар Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка заўважыў, што такую пазіцыю Масквы беларусы ўспрымаюць як здраду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі