Вы тут

Латушка адказаў Лаўрову: у Беларусі гэта ўспрымаюць як здраду

Павел Латушко / Еврорадио

Скончыць з размовамі аб "знешнім умяшанні", а лепш абмеркаваць пытанне "хто фінансуе прэзідэнта, якога акрамя Расеі не лічыць легітымным ні адна дэмакратычная краіна свету" прапанаваў расійскаму міністру замежных спраў Сяргею Лаўрову кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушка.

Напярэдадні Лаўроў зноў каментаваў беларускую сітуацыю, і сказаў, што Масква зыходзіць з таго, што "лёс Беларусі будзе вырашаць менавіта беларускі народ і яго легітымныя прадстаўнікі, а не самазванцы і іх заходнія куратары".

У сувязі з гэтым Латушка і прапанаваў абмеркаваць расійскі ўдзел у развіцці падзей — у тым ліку пашукаць адказ на пытанні, "хто заяўляе гатоўнасць аказваць сілавую і нават ваенную дапамогу злачыннай і ваеннай хунце, якая захапіла ўладу ў Беларусі?" і  "як беларусы павінны ўспрымаць гэтыя словы і дзеянні?".

На думку лідэра НАУ, беларусы, якіх у Маскве любяць называць "братэрскім народам", ўспрымаюць гэта як здраду.

Латушка шкадуе, што "так і не пачуў ад калегі-дыпламата хоць аднаго слова спачуванняў сем'ям забітых і пакалечаных", а таксама слоў асуджэння ў сувязі з дзесяткамі тысяч затрыманых і звольненых за сваю грамадзянскую пазіцыю людзей.

Ён пагадзіўся з сцвярджэннем Лаўрова, што лёс Беларусі павінен вырашаць народ, а не самазванцы, але для гэтага, па яго думку, павінны выйсці з турмаў рэальныя прадстаўнікі народа і стаць удзельнікамі дыялогу. Гэты дыялог можа ісці пры пасрэдніцтве як Захаду, так і Расіі.

"Гэта адзінае "ўмяшанне", якога беларусы чакаюць і гатовыя прыняць", — падкрэсліў Латушка.

Раней лідэр НАУ і расейскі міністр ўжо вялі завочную дыскусію. Лаўроў у канцы лістапада ў Мінску эмацыйна адрэагаваў на словы Паўла Латушкі аб кантактах з Масквой прадстаўнікоў грамадзянскіх структур. Кіраўнік МЗС Расеі даў зразумець зразумець, што ніякіх сустрэч не было, а заяву Латушкі аб "кантактах на дастаткова высокім узроўні" назваў "беспардоннай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.