Масква і Мінск не дамовіліся пра цэны на газ

Масква і Мінск не дамовіліся пра цэны на газ

Безвынікова скончыліся 14 верасня перамовы паміж беларускім і расійскім бокам наконт коштаў на пастаўкі газу. Пра гэта заявіў дарадца-пасланнік беларускай амбасады ў Расіі Юрый Ярашэвіч.

"Перамовы, у якіх удзельнічалі віцэ-прэм'еры (Беларусі) Уладзімір Сямашка і (Расіі) Аркадзь Дварковіч, завяршыліся безвынікова. Не змаглі дамовіцца", — цытуе ria.ru словы Ярашэвіча.

Раней віцэ-прэм'ер Сямашка заяўляў, што мае для абмеркавання тры магчымыя варыянты цэнаўтварэння для паставак газу ў Беларусь. Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні даручыў яму да 14 верасня выйсці на падпісанне пратакола з Расіяй.

Масква і Мінск не могуць знайсці пагаднення пра аплату паставак газу ў першай палове 2016 года. Мінск заяўляе пра несправядліва завышаныя кошты, а Масква лічыць, што беларускія спажыўцы не заплацілі дамоўленыя грошы. У ліпені кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак казаў, што запазычанасць Беларусі за газ склала 270 мільёнаў долараў.

Віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч заяўляў, што Расія можа ўдвая скараціць аб'ём паставак нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале, калі не атрымае аплату за пастаўкі газу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі