Масква даціскае беларускага партнёра: вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна

Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве / Reuters
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве / Reuters

Учора на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі і Пуціна было заяўлена, што ўзгодненыя ўсе "дарожныя мапы". У тым ліку інтэграцыя плацежных сістэм, прынцыпы спагнання ўскосных падаткаў і барацьба з тэрарызмам. Плануецца падпісанне і стварэнне адзінага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў, а таксама электраэнергіі. Сёння ўрады Расіі і Беларусі павінны падпісаць інтэграцыйныя дакументы.

Што пра вынікі сустрэчы кажуць эксперты? Еўрарадыё сабрала асноўныя меркаванні.

Москва дожимает белорусского партнёра: итоги встречи Лукашенко и Путина

Класкоўскі: "Масква плаўна, але паслядоўна вядзе справу да стварэння наднацыянальных органаў"
 

Эксперт Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ўзгадненне ўсіх "дарожных мап" зусім не азначае, што іх рэалізацыя пойдзе гладка.

Для Пуціна — гэта "піяраўская перамога, своеасаблівы рэванш за зрыў падпісання дарожных мап у снежні 2019 года".

Для ўладаў Беларусі — надзея "атрымаць фінансава-эканамічныя выгады. Але Крэмль напэўна будзе строга дазаваць падтрымку".

Эксперт упэўнены, што "цяпер Масква акуратна даціскае беларускага партнёра". Паколькі пасля леташніх масавых пратэстаў "унутрыбеларускі крызіс працягвае тлець, дысбалансы ў эканоміцы нарастаюць, стасункі з Захадам пушчаныя пад адхон — і ўсё гэта ўзмацняе залежнасць беларускага рэжыму ад Крамля".

Пуцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што ў перспектыве разглядаецца магчымасць стварэння "саюзнага парламента": "Масква плаўна, але паслядоўна вядзе справу да стварэння наднацыянальных органаў. Пры тым што Лукашэнка раней запэўніваў: яны з расійскім прэзідэнтам, маўляў, жалезна дамовіліся адкласці рэалізацыю 31-й дарожнай мапы, якая прадугледжвала адзіную валюту і наднацыянальныя органы", — мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Москва дожимает белорусского партнёра: итоги встречи Лукашенко и Путина

Ільяш: "Падзеі апошніх гадоў паказваюць, што Пуцін не збіраецца захопліваць Беларусь любым коштам"
 

"Вынікі перамоў у Маскве — гэта відавочнае паражэнне Лукашэнкі", лічыць журналіст Ігар Ільяш. "Маштабы паражэння перабольшваць не варта — яно не катастрафічнае, гэта зусім не капітуляцыя. Але цяпер Пуцін канчаткова перахапіў ініцыятыву ў інтэграцыйных перамовах. Зрэшты, канчатковыя перспектывы інтэграцыі ўсё роўна залежаць ад таго, якая сітуацыя будзе складвацца ўнутры Беларусі".

Ільяш лічыць, што ўчора перамог пуцінскі падыход да "беларускай праблемы": "Цана на газ захоўваецца на ранейшым узроўні, а замест мільярдных кампенсацый гаворка пакуль што ідзе толькі пра крэдыт на $630-640 млн. Пры тым што, па неафіцыйнай інфармацыі, Мінск хоча атрымаць крэдыт на $3 млрд".

Што да ўзгаднення інтэграцыйных праграм, то тут журналіст мяркуе, што гэта пакуль хоць і непрыемна, але не поўная капітуляцыя перад Пуціным, "але далейшы супраціў будзе праходзіць ужо на значна менш выгадных для Лукашэнкі пазіцыях".

Пры гэтым Ільяш упэўнены, што лёс Беларусі вырашыцца не ў Расіі — а ў самой Беларусі: "Інтэграцыйныя праекты могуць быць рэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі грамадства будзе праяўляць поўную пакору. Без гэтай пакоры інтэграцыйныя дамовы не будуць вартыя нават той паперы, на якой яны напісаныя".

І падводзіць вынік: "Далейшыя хады Пуціна наўпрост залежаць ад сітуацыі ўнутры Беларусі. У гэтым сэнсе вялікі тэрор 2020–2021 гадоў наносіць суверэнітэту Беларусі значна большую шкоду, чым усякая паперка, якую Лукашэнка можа падпісаць на перамовах з Пуціным".

Москва дожимает белорусского партнёра: итоги встречи Лукашенко и Путина

Тышкевіч: "Улады Беларусі спадзяваліся чарговы раз прадаць паветра, але пэўныя абавязацельствы давялося ўзяць"

Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што расійскі бок, мяркуючы па рэакцыі, атрымаў сваё, але атрымаў часткова.

"Улады Беларусі спадзяваліся чарговы раз прадаць паветра, але пэўныя абавязацельствы ўзяць давялося. Праўда, расцягнутыя ў часе. Менавіта час ёсць ключавым рэсурсам для Лукашэнкі, і ён мае надзею прапятляць чарговы раз. Пуцін не верыць".

Аналітык мяркуе, што Расія будзе ціснуць далей з мэтай захопу кантролю над асноўнымі прадпрыемствамі і прамысловымі сферамі ў Беларусі: "Для Расіі вельмі важныя ВПК, нафтахімія, лагістыка, інфармацыйныя тэхналогіі і рынак інфармацыі, як базы звестак, так і IT-эканоміка, важны аўтапрам, калійка, транспартная галіна. Гэта тое, на што Расія будзе ціснуць да новага года", — мяркуе Тышкевіч.

Таксама, хоць гэта і не гучала на прэс-канферэнцыі наўпрост, аналітык мяркуе, што Расія будзе працягваць ціск на Лукашэнку з мэтай прымусіць яго змяніць "палітычную сістэму ў Беларусі з узмацненнем парламента і з'яўленнем такой рэчы, як парламенцкай большасці або кааліцыі, і гэта для Расіі вельмі важна. А таксама абранне ўрада парламентам. Так званы квотавы прынцып фармавання ўрада, які выключае ўсякія рэзкія рэформы і павароты".

Пры гэтым для стварэння кааліцыі і большасці, мяркуе эксперт, Расія створыць невялікую прарасійскую партыю ці партыі, якія, прымыкаючы да аднаго з бакоў, будуць ствараць патрэбную парламенцкую большасць. Тышкевіч мяркуе, што Расія не будзе спрабаваць стварыць буйную партыю, каб не выклікаць рэзкую адмоўную рэакцыю ў беларусаў.

Москва дожимает белорусского партнёра: итоги встречи Лукашенко и Путина

Кузняцоў: Тое, што адбылося ўчора — тактычная перамога Лукашэнкі
 

Аналітык Пётр Кузняцоў лічыць, што нічога катастрафічнага сапраўды не адбылося. Больш за тое, сам факт, што пра узгадненні ўсё ж абвешчана, усё яшчэ не значыць, што Масква даціскае Мінск з інтэграцыяй:

"Пуцін хоча прарываў на беларускім напрамку. Аднак з улікам вельмі нестабільнага становішча мясцовай улады, якая можа захістацца ў любы момант ад любой іскры, а таксама каласальнай непапулярнасці кіраўніка ў народзе, яму, відавочна, хацелася б сур'ёзныя дакументы падпісваць з тым, хто будзе хаця б трошкі легітымней. Гэтым можа тлумачыцца, што на працягу апошняга года пытанне канстытуцыйнай рэформы развівалася Расіяй больш актыўна, чым уласна інтэграцыя.

У сваю чаргу, для Лукашэнкі вельмі выгадна (можна нават сказаць, неабходна) вярнуцца да размоў пра будучыню аб'яднання. Па-першае, каб прадэманстраваць сілавікам і наменклатуры суб'ектнасць: дыялог ідзе не аб сыходзе, а пра доўгатэрміновыя адносіны, гэта значыць, гаворкі пра "кульгавую качку" няма. Па-другое, каб вярнуцца ў звыклы фармат "выгадных размоваў", калі Расія вымушаная падтрымліваць ўжо хаця б дзеля таго, каб не супярэчыць уласнай публічнай пазіцыі. Па-трэцяе, каб самога Пуціна вымусіць адсунуць пытанне транзіту на другі план: якая рэформа, які транзіт, калі мы тут з табой пра інтэграцыю дамовіліся?".

Кузняцоў лічыць, што ўчора была тактычная перамога Лукашэнкі, якая дае яму прастору для манэўру, час і магчымасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі