Марыя Калеснікава адмовілася прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні

Марыя Калеснікава адмовілася прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні

Марыя Калеснікава, асуджаная на 11 гадоў, не будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку аб памілаванні. Пра гэта яна паведаміла ў лісце расійскаму інфармагенцтву РБК.

Марыя напісала, што ёй неаднаразова прапаноўвалі здзелку, у тым ліку даць інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу. За гэта абяцалі скараціць тэрмін зняволення або ўвогуле выйсці на волю, але яна кожны раз адмаўлялася. "Прапановы сям'і пакінуць Беларусь, напісаць прашэнне аб памілаванні, лісты, зняцца ў кіно і быць на волі — гэта сведчанні таго, што ўлада не разумее, што праблема не ўва мне і ў Максіме [Знаку], праблема ў тым, што ўлада страціла легітымнасць, давер у вачах беларусаў", — перадае РБК словы Калеснікавай. Палітзняволеная дадае, што не можна верыць "бандзе напарстачнікаў".

Нагадаем, што суд над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам быў закрытым. Усе ўдзельнікі працэсу давалі падпіску аб неразгалошванні. У лісце Калеснікава назвала абвінавачанне "поўнай ахінеяй, складзенай па невядомых дагэтуль граматычным і лагічным правілах". А 41 том матэрыялаў крымінальнай справы, па яе словах, гэта "збор макулатуры, які ні пра што, акрамя нашай невінаватасці, не сведчыць"

Марыя паведамляе, што ў зняволенні выпісала часопісы Forbes і "Дилетант", "Независимую газету", "Науку и жизнь", займаецца спортам і малюе. 

Яна пастаянна піша скаргі на парушэнні сваіх правоў: "На юрыдычную дапамогу, на перапіску (яна фактычна адсутнічае), мае лісты не толькі родным не сыходзяць, але не паступаюць і ў суды, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Дэпартамент выканання пакаранняў і нават адвакатам. Калі праводзяць поўны дагляд, мяне здымаюць відэарэгістратарам"

Калеснікава паведамляе, што ўжо амаль паўгода сядзіць у адзіночнай камеры. Ёй заявілі, быццам у СІЗА няма жанчын, якія не паляць і якіх можна было б падсяліць да яе.

"Можна замураваць ў турму, схаваць ад людзей, даць 11 гадоў... Але ўсё гэта, як і іх страх, нянавісць і кайданы, разаб'ецца аб нашы песні, смех, танцы і любоў", — зусім нядаўна пісала Калеснікава ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі