Вы тут

Марыя Калеснікава расказала, як праходзіць яе дзень за кратамі

Марыя Калеснікава / З архіву Еўрарадыё

Беларуская палітзняволеная Марыя Калеснікава адказала на пытанні маскоўскага карэспандэнта "Бі-Бі-Сі" Сары Рэйнсфард. Між іншым яна расказала, як праходзіць яе дзень за кратамі ў мінскім СІЗА № 1.

"Прачынаюся заўсёды ў 6:00 раніцы вельмі лёгка і бадзёра, — піша Калеснікава. — У маім мінулым жыцці гэтага немагчыма было ўявіць".

У 6:30 пачынаецца турэмны сняданак: каша, сок, хлеб і гарбата. "Але я ніколі не ем так рана і нічога з прапанаванага не бяру", — зазначае яна.

Далей палітзняволеная "прымае душ", дзеля чаго награвае кіпяцільнікам ваду ў тазіку (у камеры толькі халодная вада, а душ у агульнай душавой толькі адзін раз на тыдзень). Такім жа чынам вязні сціраюць бялізну, а пасля яе сушаць уначы на батарэі ці на нарах.

За час зняволення яна была ў пяці камерах. Цяпер камера самая маленькая: 2,5 на 3,5 метра. У ёй "двое нараў на чацвярых чалавек, прыбіральня, рукамыйніца, тэлевізар, кіпяцільнік, кубак, тазы, стол, лаўка". Праз акно і краты Марыя бачыць неба.

"Тут паляць амаль усе і паўсюль, — піша Калеснікава. — ...У маім выпадку — гэта не толькі шкода здароўю і пагроза жыцця, але і шкода, якая не дазволіць мне застацца ў прафесіі музыканта-флейтыста".

А 8-й гадзіне праходзіць праверка. Далей 2-3 гадзіны Марыя Калеснікава вучыць мовы, чытае на англійскай ці нямецкай мовах. Каля 9-й гадзіны — прагулка ў турэмным дворку (3 на 3 метры), падчас якой яна стараецца бегаць і рабіць практыкаванні.

Пасля прагулкі Калеснікава снедае: "бутэрброды або, рэдка, каша з сухафруктамі і абавязкова — моцная кава". Яна прыбірае ў камеры і, калі няма сустрэчы з адвакатам ці допытаў, 2-3 гадзіны чытае і піша. Кнігі выдаюцца па заяве праз некалькі дзён (трэба пазначыць назву і аўтара).

З 13-й да 14-й гадзіны праходзіць абед. "У мяне ён таксама свой: суп ці гародніна з мясам, — працягвае палітзняволеная. — Пазней кава і прысмакі, якімі мяне песцяць сябры ў перадачах".

Далей каля трох гадзін яна чытае, вывучае сваю крымінальную справу, піша тэксты ці лісты. Вячэра а 18-й гадзіне, але Марыя Калеснікава "прызначыла" яе сабе на 17:00: гародніна, гарбата і халва.

Пасля 18-й гадзіны яна піша лісты, глядзіць тэлебачанне ("Гляджу навіны, якія і не навіны зусім, а "пяціхвілінкі нянавісці" даўжынёй у гадзіны"). У 20:00 чарговая праверка. У 21:00 зноў "душ" з тазіка. Калеснікава крыху чытае. А 22-й гадзіне адбой.

"Турма — гэта агіднае месца, але тут я асабліва пачуваюся свабоднай і шчаслівым чалавекам", — піша Марыя Калеснікава.

Калеснікава 6 верасня 2021 года была асуджаная ў Беларусі на 11 гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" і "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання". Сваёй віны яна не прызнала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.