Вы тут

Марачкін у Чарнагорыі, Мальдзіс у ізаляцыі, у Шушкевіча на COVID хварэе сястра

Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё

Каранавірус асабліва небяспечны для людзей пенсійнага ўзросту. Апошнімі месяцамі многія з іх змянілі сваё жыццё: ізаляваліся, перасталі бачыцца з роднымі і займацца звыклымі справамі. Як перажываюць гэты перыяд вядомыя беларускія дзеячы культуры, палітыкі і навукі, даведалася Еўрарадыё.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

Я з жонкай у асноўным езджу на дачу або дома сяджу перад камп’ютарам. Стараюся не выходзіць нікуды. Жонка купляе прадукты ў найбліжэйшай краме, надзявае маску і трымае дыстанцыю. Пагроза вельмі вялікая, вядома. Мне ўсё ж 85 гадоў. Калі ў такім узросце захворваюць на пнеўманію, дык звычайна развітваюцца з жыццём. Мне зараз не хацелася б!

Маю сям'ю каранавірус закрануў. Стрыечная сястра падчапіла COVID-19, ляжыць у бальніцы ў вельмі цяжкім стане. Яе сын таксама хварэе, прывёз вірус як дальнабойнік.

Праз рашэнні Лукашэнкі меры прафілактыкі сталі прымаць занадта позна. Калі людзі пачнуць, нарэшце, выконваць рэкамендацыі СААЗ, калі ўлады перастануць дурныя рашэнні прымаць, дык, можа, атрымаецца хутка скончыць з гэтай праблемай. Трэба проста заклікаць народ, каб яны выконвалі элементарныя правілы прафілактыкі.

Адам Мальдзіс / Еўрарадыё

Адам Мальдзіс, літаратуразнаўца, гісторык і пісьменнік:

— Мне 88 гадоў, у мяне другая група інваліднасці. Я і так сяджу дома ўжо трэці год, таму мой лад жыцця не вельмі змяніўся падчас пандэміі. Доктарка сказала не выходзіць на вуліцу, хаця я лічу, што гэта вельмі дрэнна. Таму што так чалавек лягчэй хварэе на інфаркты, інсульты. 

Ірвуся хадзіць па вуліцы і мару паехаць на сваю радзіму і там працаваць. Зараз працую з дома, да мяне сюды прыходзяць розныя людзі. З прадуктамі і астатнім дапамагае сын.

Што тычыцца каранавіруса, дык мая ўнучка, яе хлопец і яго маці перахварэлі ў лёгкай форме. Ужо ўсе вылечыліся.

Алег Трусаў / racyja.com

Алег Трусаў, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета, археолаг і грамадскі дзеяч:

— Самае непрыемнае для мяне зараз — гэта насіць маску. Але ўсё роўна нашу яе ў транспарце, у крамах. Жыццё маё змянілася ў апошні час таму, што я працую выкладчыкам, але студэнтаў ужо некалькі месяцаў не бачыў. Універсітэт зараз працуе дыстанцыйна.

А так я і заўсёды ў асноўным жыву на лецішчы, кнігі пішу, навукай займаюся. Зараз стаў радзей у Мінск прыязджаць. 

Увогуле да пандэміі я стаўлюся як гісторык. Я супраць каранціну і рады, што ў нас яго не ўвялі. Адсутнасць каранціну ў нашай палітычнай сістэме — справа добрая. Таму што калі наша ўлада ўвядзе такія абмежаванні, мала нам не пакажацца. З іншага боку, поўнае ігнараванне праблемы з боку ўлады прывяло да таго, што з’явіўся “Саша 3%”. Паглядзім, што будзе далей.

Алесь Марачкін / racyja.com

Алесь Марачкін, мастак

80-гадовы беларускі мастак Алесь Марачкін з сакавіка застаецца ў Чарнагорыі. Туды ён і яшчэ трое мастакоў з'ехалі 2 сакавіка на пленэр. У горах ім далі жыллё і харчаванне, каб яны месяц спакойна маглі займацца творчасцю. У Мінск яны павінны былі вярнуцца 3 красавіка, але планы парушыў каранавірус.

Да гэтага часу Алесь Марачкін застаецца ў Чарнагорыі і займаецца творчасцю — месяц пленэру ператварыўся ў тры! 

Дарэчы, менавіта Чарнагорыя стала першай краінай у Еўропе, якая заявіла пра "вызваленне ад каранавіруса". Усяго там было зарэгістравана 324 выпадкі заражэння, 9 чалавек загінулі. Так што Марачкін як ведаў, што менавіта туды накіраваўся на пленэр!

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.