Вы тут

Макей: мы зацікаўлены, каб наш пасол прыбыў у ЗША як мага хутчэй

Джэніфер Мур і Уладзімір Макей / mfa.gov.by

"Мы зацікаўлены, каб [беларускі] пасол прыбыў у ЗША, у Вашынгтон, і пачаў працаваць як мага хутчэй", — заявіў Уладзімір Макей. У аўторак міністр замежных спраў прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў мінскай гімназіі № 5 віртуальнага музея "Сустрэча на Эльбе". Мерапрыемства было прымеркавана да 75-х угодкаў гістарычнай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх вайскоўцаў у Германіі. На ім прысутнічала часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур, паведамляе прэс-служба МЗС.

Па словах Макея, у бліжэйшы час завершацца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ўзгадненні кандыдатуры на пасаду пасла Беларусі ў Злучаных Штатах. Пакуль яго прозвішча ён не называе.

Як вядома, у апошнія гады дачыненні паміж Беларуссю і ЗША палепшыліся. Сёлета чакаецца абмен пасламі. Прыезд амерыканскага пасла прагназаваўся на лета.  Ім можа стаць Джулі Фішэр, намесніца памочніка дзяржсакратара па справах Заходняй Еўропы і ЕС.

Апошнія 12 гадоў краіны не абменьваліся амбасадарамі. Іх адклікалі пасля таго, як вясной 2008-га ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіма". Гэта была рэакцыя на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Тады Мінск адклікаў свайго пасла і прапанаваў з'ехаць амерыканскаму амбасадару Карэн Сцюарт. Штат амбасады быў істотна скарочаны, дыппрадстаўніцтва дагэтуль ачольвае часовы павераны. Пацяпленне ў адносінах пачалося шэсць гадоў таму. Сёлета Беларусь наведаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.