Вы тут

МАК не прызнаў паўнамоцтвы Віктара Лукашэнкі і Дзмітрыя Баскава

Віктар Лукашэнка ​ / Reuters

Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) не прызнаў паўнамоцтвы Віктара Лукашэнкі як новага прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі.

МАК таксама не прызнаў абранне ў НАК Дзмітрыя Баскава. Нагадаем, 7 снежня 2020 года МАК увёў шэраг сакцый у дачыненні да НАК Беларусі праз тое, што "кіраўніцтва НАК належным чынам не абараніла беларускіх спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі". Старшыня ж Федэрацыі хакея Беларусі Баскаў трапіў пад часовыя санкцыі ў тым ліку "з улікам канкрэтных абвінавачванняў, вылучаных супраць яго". Гаворка ішла аб гібелі Рамана Бандарэнка. Баскава падазраюць у тым, што ён быў на Плошчы Пераменаў у складзе групы невядомых, якія затрымалі Бандарэнку.

Для Баскава і Віктара Лукашэнкі, гаворыцца ў паведамленні МАК, захаваная забарона на наведванне Алімпійскіх гульняў і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца пад эгідай арганізацыі. Захоўваюцца і іншыя санкцыі. У прыватнасці, НАК застаецца без фінансавай дапамогі (выключэнне складаюць стыпендыі для спартсменаў на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў). Акрамя таго, прыпыненыя любыя абмеркаванні з НАК Беларусі пытанняў арганізацыі будучых мерапрыемстваў пад эгідай МАК.

МАК апублікаваў таксама ліст, які атрымаў 5 сакавіка ад спартсменаў з беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Яны пішуць пра свой удзел у выбарах новага кіраўніцтва НАК і падкрэсліваюць, што ўпершыню ніхто з кіраўнікоў камітэта не з'яўляецца дзяржслужачым, а новы статут НАК яшчэ больш абараняе прадстаўнікоў спартыўнай супольнасці.

Па словах аўтараў ліста, палітычная сітуацыя ў краіне супакоілася, а спартсмены і трэнеры, "якіх спрабавалі выкарыстаць у палітычных мэтах", не падвяргаюцца дыскрымінацыі. У лісце сцвярджаецца, што ўсе спартсмены незалежна ад іх палітычных поглядаў рыхтуюцца да Алімпіяды ў Токіа.

У Беларускім фонде спартовай салідарнасці віталі рашэнне МАК, назвалі яго "вельмі моцным". Пры гэтым  нагадалі, что адзіная мэта такога рашэння — абараніць спартсменаў.

"Пры гэтым у нас няма мэты пазбаўлення Беларусі сцяга або адхілення кагосьці. Усім зразумела, што Алімпійскі сход прайшоў не ў адпаведнасьці з правіламі, і Віктара Лукашэнку фактычна прызначылі, а не абралі",заявіў "РБК Спорт" выканаўчы дырэктар фонду Аляксандр  Апейкін.

Новы прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка быў абраны 26 лютага. Ён змяніў на гэтай пасадзе бацьку Аляксандра Лукашэнку, які кіраваў НАК з 1997 года. Прычым адначасова, каб зняць папрокі з боку МАК, Віктар Лукашэнка пакінуў дзяржслужбу, быў звольнены з пасады памочніка прэзідэнта па нацбяспецы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.