Магіляўчанка адсудзіла ў мясакамбіната 30 мільёнаў рублёў

Магіляўчанка Таццяна Масалкова адсудзіла 30 мільёнаў рублёў у Магілёўскага мясакамбіната. Аднак атрымаць грошы, якія ёй камбінат недаплачваў цэлы год, жанчына не можа ўжо больш за тыдзень.

Калі Таццяна ўладкоўвалася на працу ў аддзел збыту спецыялістам па продажы, яе заробак мусіў скласці, у адпаведнасці з працоўным кантрактам, не менш за 5 мільёнаў рублёў, аднак на рукі ёй выплачвалі ўсяго два мільёны штомесяц.

Дзяржаўнага прафсаюза на магілёўскім мясакамбінаце не існуе, таму жанчына мусіла звярнуцца па дапамогу ў незалежны Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, які дапамагаў бараніць ёй свае правы цягам паловы года, пакуль цягнулася судовая спрэчка.

“Рэч у тым, што ў нас праблема з судовым выканаўцам, — кажа Таццяна Масалкова. — Яна не дужа хоча займацца гэтым пытаннем. Я пакуль судовага выканаўцу не чапаю, бо яна сказала, што ў любым выпадку будзе даваць мясакамбінату на пагашэнне доўгу сем дзён, як гэта прадугледжана законам. Сем дзён ужо заканчваюцца, і ў наступны панядзелак яны ўжо ідуць на прымусовае выкананне. Сёння я зноў буду тэлефанаваць у суд і высвятляць, на якім этапе знаходзіцца мая справа. Я таксама адправіла на мясакамбінат два лісты з просьбай добраахвотна выплаціць недаплачаныя мне грошы, аднак адказу ад іх не атрымала дагэтуль”.

Жанчына адзначае, што, на яе думку, у бухгалтэрыі і юрыдычным аддзеле прадпрыемства проста не ведаюць, як дзейнічаць, бо, відаць, ні з чым такім ім сутыкацца не даводзілася. Звычайна рабочыя не бягуць у суд, каб бараніць свае правы і нешта даказваць.

 Прадстаўляў інтарэсы Таццяны Масалковай у судзе магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

“Мы запатрабавалі звальненне па арт. 41 Працоўнага кодэкса (парушэнне наймальнікам працоўнага кантракту) пасля таго, як адміністрацыя мясакамбіната адмовілася плаціць грошы, як гэта было прадугледжана працоўным кантрактам. Яны сказалі, што ўсе надбаўкі ўваходзяць у кантракт. Доўга ішоў суд, аднак мы выйгралі. Потым былі прынятыя яшчэ два дадатковыя рашэнні на нашу карысць. Па-першае, суддзя крышку павялічыла суму, што мясакамбінат не даплаціў, а па-другое, мы прасілі паставіць дату звальнення па 41-м артыкуле з выплатай трохмесячнай грашовай кампенсацыі і двухтыднёвай грашовай дапамогі, як гэта прадугледжана законам”.

Барыс Бухель адзначае, што пасля раённага суда адміністрацыя Магілёўскага мясакамбіната падала касацыю ў Магілёўскі абласны суд, аднак і гэты суд быў выйграны на карысць Таццяны Масалковай.

Як толькі ў Масалковай скончыўся гадавы працоўны кантракт, новую дамову з ёй мясакамбінат перазаключаць адмовіўся. У выніку жанчына аказалася звольненая ў сувязі з заканчэннем працоўнага кантракту, а не за парушэнне яго наймальнікам. Жанчына ўжо ўладкавалася на новую працу і не шкадуе, што пакінула прадпрыемства, дзе ёй недаплачвалі цэлы год.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі