Маці і сын Таццяна і Аляксей Бусел не выйшлі на волю, іх зноў судзілі

Маці і сын Таццяна і Аляксей Бусел не выйшлі на волю, іх зноў судзілі

Маці і сын Таццяна і Аляксей Бусел не выйшлі на волю, яны арыштаваныя другі раз запар. На гэты раз — на 13 і 15 сутак адпаведна. Як паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae, 24 верасня іх справы разглядаў суд Фрунзенскага раёна Мінска (суддзі — Ала Скуратовіч і Дзмітрый Лукашэвіч). Буслоў пакаралі за "дробнае хуліганства". Нібыта падчас "прафілактычнай гутаркі", жанчына і яе сын "агрэсіўна сябе паводзілі, з выклікам, гучна крычалі, размахвалі рукамі і на заўвагі супакоіцца не рэагавалі".

Дарэчы, на судзе высветлілася, што нават пратаколы міліцыянеры падпісваюць змененымі прозвішчамі (дагэтуль яны змянялі прозвішчы, калі выступалі ў якасці "сведак").

68-гадовая Таццяна і 35-гадовы Аляксей былі затрыманыя 9 верасня падчас дваравога пратэснага маршу на вуліцы Прытыцкага ў Мінску. У іх кватэры прайшоў ператрус. Маці і сына пакаралі 15 суткамі арышту за ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" (суддзя — Наталля Бугук).

Вядома, што Таццяна Бусел бачыла, як сілавікі збівалі яе сына, і адмовілася ад яго адыходзіць. Тады затрымалі і яе, склалі пратакол. На судзе Аляксей Бусел заявіў, што "супрацоўнікі ГУБАЗіК ўжывалі фізічную сілу і стымулявалі адказваць [на пытанні] ўдарамі і электрашокерам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі